Па выніках грамадскіх абмеркаванняў па будаўніцтве шматпавярховікаў у мікрараёне «Фолюш» было вырашана пабудаваць 19-павярховы дом па вул. Магістральнай, паведамляецца на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

Грамадскія абмеркаванні праводзіліся з 30 кастрычніка па 23 лістапада гэтага года. У выніку ў гарвыканкам паступіла чатыры звароты ад грамадзян, адзін з якіх калектыўны (4 подпісы). У зваротах грамадзяне выказалі сумнеў у магчымасці размяшчэння жылога дома з такой колькасцю паверхаў у гэтай зоне, а таксама блізка каля школы, і прапанавалі стварыць зялёную зону на ўсёй тэрыторыі, якая разглядаецца ў абмеркаваннях.

Гэтаксама грамадзяне прапанавалі больш дэталёва разгледзець пытанне захавання старога яблыневага сада, размешчанага ў нізкім месцы, і на яго месцы разбіць новую зялёную зону.

Прымаючы пад увагу, што функцыянальнае выкарыстанне тэрыторыі, на якой мяркуецца пабудаваць 19-павярховы дом, адпавядае дзеючай горадабудаўнічай дакументацыі, ёсць аб’ектыўная магчымасць пабудаваць тут такі дом. Колькасць ягоных паверхаў з удзелам яго размяшчэння на паніжанай тэрыторыі не будзе негатыўна ўплываць на фармаванне сілуэта вуліцы.