Апошні матч першай стадыі чэмпіянату “Нёман” завяршыў чарговай перамогай. У Гомелі 2 снежня дружына Сяргея Пушкова аказалася мацней за мясцовую каманду 3:2. Вырашальную шайбу гродзенцы закінулі ў авертайме.
Абедзве каманды ў Гомелі паказалі эмацыйную і баявую гульню, якая спадабалася, як трэнерам, так і заўзятарам. У першым перыядзе супернікі шайбамі не адзначыліся, хоць і дастаткова для ўзяцця варот нанеслі кідкоў. Другая дваццаціхвілінка засталася за “Нёманам”. Гродзенцы здолелі забіць дзве шайбы. Спачатку Пасют на 30-й хвіліне запісаў на свой рахунак дакладны кідок, а праз 8 хвілін Рэмезаў павялічыў перавагу гродзенскай каманды.
У трэцім перыядзе “Нёман” зменшыў абароты, за што і паплаціўся. Гаспадары здолелі закінуць дзве шайбы і ў вынiку змаглi зраўняць лік у матчы. Да канца асноўнага часу супернікі выявіць мацнейшага не змаглі i гульня перайшла ў авертайм. Ужо на 28-й секундзе дадатковага часу “Нёман” здолеў вырашыць зыход матчу ў сваю карысць. Пераможную шайбу закiнуў Кліменка.
“Гомель” – “Нёман” 2:3 (АВ) (0:0, 0:2, 2:0, 0:1)
галы:
29:05 0:1 – Пасют (Кліменка, Бадун)
37:06 0:2 – Рэмезаў (Кіслы, Ляўша)
52:51 1:2 – Брахманіс (Ягораў, – бол.)
57:39 2:2 – Зайчык (Мусіенка, Сусла)
60:28 2:3 – Кліменка (Жыдкіх)
Сяргей Пушкоў пасля матчу:
– Я лічу, што абедзве каманды паказалі вельмі добры хакей, матч вельмі добры атрымаўся. Гледачы, якія сёння прыйшлі, яны засталіся задаволеныя сённяшнім матчам. Вялікі дзякуй нашым гледачам, якія прыехалі, падтрымалі нас. Я думаю, што на працягу двух перыядаў трошкі больш мы атакавалі, больш гулялі ў атацы, гаспадары трошкі абараняліся. Потым усё памянялася, калі ім ужо адступаць было некуды,i яны вельмі актыўна зайгралі. А ў нас не пайшла гульня ў некаторых момантах, таму не так добра правялі трэці перыяд, што і прывяло да гэтых двух шайбаў, якія закінулі гаспадары. Задаволены хлопцамі, што добры матч быў, усе працавалі. Практычна ўсю гульню згулялі ў пяць абаронцаў, адзін абаронца атрымаў траўму. Вытрымалі – малайцы! Усіх з перамогай!
Да другой стадыі чэмпіянату каманда Сяргея Пушкова падышла ў добрым настроі: 11 апошніх матчаў у чэмпіянаце гродзенцы не ведаюць паражэнняў. Турнірная табліца першай шасцёркі выглядае наступным чынам:

Стартуе “Нёман” у другой стадыі чэмпіянату 8 снежня ў Гродне, дзе будзе прымаць жлобінскі “Металург”.