У хуткім часе тры ўезды ў горад апынуцца пад наглядам відэакамер. Акрамя гэтага, пад наглядам міліцыі будзе і парк Жылібера. Два гэтыя праекты, на сённяшні дзень, прайшлі ўсе экспертызы і знаходзяцца ў гарадской ЖКГ, чакаючы фінансавання, піша uvd.grodno.by.

Заказчыкам развіцця гарадской сістэмы відэаназірання стала гарадская ЖКГ. Ва УУС вобласці дапамаглі распрацаваць праект і вызначыць, дзе менавіта і якім чынам павінны быць устаноўлены камеры.

— Першы праект уяўляе з сябе абсталяванне сістэмай відэаназірання парка імя Жылібера. Там будзе змешчана каля 20 камер, якія даюць карцінку высокай якасці малюнка. Парк будзе праглядацца цалкам: ўваходы і выхады, зялёныя зоны і зоны адпачынку, — адзначыў начальнік аддзела сувязі і аўтаматызацыі УФіТ УУС Славамір Макарэвіч.

[irp posts="34 334″ name=" Парк Жылібера месца не для забаў, а для навучання і ціхага адпачынку". 5 ідэй як вярнуць каштоўнасць старому парку ў Гродне"]

Другі праект — гэта абсталяванне сістэмай назірання трох уездаў/выездаў у абласны цэнтр. Гэта ўезд/выезд з боку рэспубліканскай трасы M6, другі - на вуліцы Суворава (з боку дзяржмяжы з Польшчай) і трэці - выезд у бок Літвы ў Грандзічах.

Праглядацца камерамі будуць палосы руху ў абодвух напрамках, фіксуючы ўсе транспартныя сродкі з вызначэннем нумарных знакаў, незалежна ад хуткасці перамяшчэння аўтамабіля. Уся інфармацыя будзе захоўвацца ў базе дадзеных.

Праца сістэмы відэаназірання будзе зведзена ў адзіны цэнтр, а малюнак з камер дадаткова выведзены ў дзяжурныя часткі УУС Гродзенскага аблвыканкама і ДАІ. Праграмнае забеспячэнне таксама дазволіць наладжваць працу камер на фіксацыю такіх правапарушэнняў, як перасячэнне аўтамабілямі суцэльнай лініі, парушэнні правілаў праезду скрыжаванняў, а таксама пераход вуліцы пешаходамі ў неналежных месцах. Камера таксама можа апавяшчаць і пра пакінутыя прадметы.

Першыя камеры відэаназірання ў Гродне з’явіліся каля пяці гадоў таму. На дадзены момант 14-ю камерамі праглядаецца цэнтральная частка горада, плошчы Леніна і Савецкая, а таксама прылеглыя тэрыторыі. З іх дапамогай супрацоўнікамі міліцыі раскрываецца нямала злачынстваў, частку правапарушэнняў удаецца прадухіліць, своечасова накіраваўшы нарад міліцыі на месца, дзе, да прыкладу, завязваецца канфлікт. Асабліва гэта тычыцца правядзення масавых гарадскіх мерапрыемстваў у цэнтры горада.

— 
Праблемным месцам у горадзе з’яўляецца складаная развязка каля драматычнага тэатра, дзе нярэдка здараюцца ДТЗ. І часам толькі атрыманыя відэазапісы супрацоўнікамі аддзялення вышуковай работы ДАІ дапамагаюць разабрацца ў абставінах і ўсталяваць сапраўднага вінаватага ў дарожна-транспартным здарэнні, — прыводзіць прыклад Славамір Макарэвіч.