Прымаць гасцей на Аўгустоўскім канале Дзед Мароз пачне 16 снежня. Дзень адкрыцця яго штаб-кватэры ў доміку наглядчыка каля шлюза Дамброўка стане святам з адмысловай праграмай. Сустракаць гасцей зімовы чараўнік з унучкай Снягуркай і сімвалам надыходзячага года Жоўтым Земляным Сабакам будуць да 14 студзеня. Якія забавы прапануюцца на Аўгустоўскім канале, распавяла «Гродзенская праўда».

Пагуляюць з дзецьмі і дарослымі героі любімых мульцікаў і казак. Менавіта яны правядуць ўдзельнікаў свята па сцежцы казак і пакажуць чароўны масток праз канал, на якім можна загадаць навагодняе жаданне.

— У гэтым годзе ў дадатак да казачнай з’явіцца і алея пораў года з падарункамі: тут будуць вогнішча Вясны, арэлі Лета, палонка Зімы, дождж Восені, — распавяла галоўны рэжысёр па арганізацыі масавых мерапрыемстваў раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Любоў Ганевіч.

Каля хаткі Дзеда Мароза з’явіцца трон, на якім кожны зможа загадаць жаданне і сфатаграфавацца, а на чароўным млыне-снегамоле дзецям прапануюць начараваць снежную зіму.

Пажаданні на будучы год прапануюць пакінуць на стылізаваным дрэве дабра — кожны госць зможа ўпрыгожыць яго папяровым шарам з пажаданнем на стужачцы. Як і ў мінулым годзе, віншавальны ліст можна будзе адправіць па спецыяльнай навагодняй пошце, а пасля ўдзелу ў зімовых забавах — пачаставацца гарачымі гарбатай і блінамі.

Яшчэ адна святочная пляцоўка: чым будзе завабліваць Дзед Мароз на Аўгустоўскі канал

Калі дазволіць надвор’е, ля сядзібы можна будзе пакатацца на лыжах і санках. Неабходны для снежных забаваў інвентар можна будзе арандаваць на месцы.

— Па папярэдніх заяўках госці змогуць дапоўніць візіт да Дзеда Мароза на Аўгустоўскім канале фолк-шоў-праграмай «Разгуляй-ка, Новы год» і дэгустацыяй страў беларускай кухні «Смачна, сытна, самабытна», — дапоўніла Любоў Ганевіч.

Правядзе Дзед Мароз у гэтым годзе і геаграфічны ўлік наведвальнікаў. Госці з іншых краін і рэгіёнаў Беларусі на спецыяльнай мапе змогуць адзначыць сцяжком месца, адкуль прыехалі. Рэзідэнцыя будзе адкрыта як для групавых, так і для індывідуальных турыстаў.

Дзед Мароз, Снягурка і казачныя героі чакаюць усіх на Аўгустоўскім канале (шлюз Дамброўка) з 16 снежня па 14 студзеня. Час пачатку шоў - 11.00, 12.30, 14.00 і 15.00. Выходныя дні - 18, 19, 24, 31 снежня і 1, 2, 8, 9 студзеня.