Продаж елак у Гродне пачнецца з 21 снежня. Ёлачныя базары будуць працаваць ва ўсіх мікрараёнах горада з 11.00 да 20.00, піша «Гродзенская праўда».

Як распавялі Hrodna.life ў Гродзенскім лясгасе, сёлета кошты на елкі будуць пачынацца ад 9 рублёў за невялікае дрэўца. Сосны будуць прапаноўвацца «па магчымасці»: спецыяльныя пасадкі пад Новы год былі зробленыя толькі некалькі год таму, калі павялічыўся попыт менавіта на сосны. Таму масава прадаваць гэтыя дрэўцы на елкавых базарах будуць праз некалькі год, калі падрастуць пасадкі.

На ёлачных базарах можна будзе набыць елкі ў кадках — як і летась, гэтае ўпрыгожванне будзе каштаваць 25 рублёў за штуку. Лясгас разглядае магчымасць прапаноўваць насельніцтву і букеты з хваёвых галінак.

[irp posts="40 797″ name="Дзед Мароз на сабачай запрэжцы і трон на плошчы Леніна: чым будуць здзіўляць гараджан пад Новы год"]

У мінулым годзе толькі жыхары Гродна купілі больш за сем тысяч святочных дрэў. Сёлета Гродзенскі лясгас плануе прадаць не менш.

Навагоднія і калядныя кірмашы ў гэтым годзе пройдуць не на адной з цэнтральных плошчаў абласнога цэнтра, а на пляцоўцы гандлёвага цэнтра «Old City». Тут 21 і 22, 28 і 29 снежня, а таксама 5 студзеня разгорнецца гандаль з шырокім асартыментам прадуктаў і сувеніраў, навагодніх падарункаў. Працаваць кірмашы будуць з 11.00 да 19.00.