У Гродне адбылася сустрэча прадстаўнікоў Гродзенскай і Віленскай тэрытарыяльных мытняў, перадае БЕЛТА. Сустрэча адбылася з ініцыятывы беларускага боку.
Адным з асноўных пытанняў стала абмеркаванне сумесных мерапрыемстваў у выпадку вялікай колькасці транспартных сродкаў на мяжы ў святочныя і выходныя дні.
«Мы ўжо паведамілі літоўскім калегам, што будзем рыхтаваць да надыходзячых святаў узмоцненыя змены, гатовыя прапусціць больш тавараў. Чакаем, каб і сумежны бок быў да гэтага гатовы і адпаведным чынам планаваў сваю працу», — адзначыў начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кавальчук.
Ён падкрэсліў, што сёння беларускі бок можа прымаць увесь транспарт, які ідзе з боку Літвы, і гатовы падзяліцца напрацоўкамі.
«Сіламі аднаго боку вырашыць праблемныя пытанні немагчыма, таму сумесна з літоўскімі калегамі працуем над змяншэннем чэргаў. Гэта перш за ўсё сінхроннасць працы, папярэджанне пра тыя ці іншыя сітуацыі, інфармаванне іншага боку аб выніках кантролю, каб кантрольныя аперацыі ў дачыненні да аднаго транспартнага сродку не рабіць двойчы», — адзначыў Андрэй Кавальчук.
Ён падкрэсліў, што працэс ўзаемадзеяння мытных службаў наладжваецца і ўдасканальваецца, працуе сістэма абмену інфармацыяй. Сёння ўжо адпрацоўваюцца нюансы працы ў канкрэтных сітуацыях.