Пасля трох гадоў перапынку аднаўляюцца работы па рэканструкцыі будынка па вуліцы Вялікая Траецкая, 57. У будучыні там можа з’явіцца гатэль. Інвестарам выступае адна з мінскіх арганізацый, якая ўжо прайшла экспертызу і атрымлівае дазвол на будаўнічыя работы.

Прараб аб’екта Аляксандр Сцяпанаў распавёў Hrodna.life, што працы па рэканструкцыі будынка не вяліся, бо ў заказчыка не было сродкаў.

«Работы на аб’екце аднавіліся з 20 лістапада. За тры гады прастою на будаўнічай пляцоўцы практычна нічога не змянілася. Фасады, можна сказаць, зробленыя, засталіся работы ўнутры. Плануецца, што ў будучыні ў старым будынку будзе гасцініца, так прадугледжана паводле старога праекту. Заказчыкам выступае адна з мінскіх арганізацый. Тэрмінаў заканчэння будаўніцтва назваць пакуль немагчыма, бо арганізацыя атрымлівае новы дазвол на будаўнічыя работы», — распавёў Аляксандр Сцяпанаў.

Даведка

Будынак па Вялікай Траецкай, 57 з’яўляецца адной з самых каштоўных пабудаваў у гэтым раёне. Разам з харальнай сінагогай — гэта два будынкі, што засталіся ад яўрэйскага раёну «Школьны Двор». У гэтым раёне калісьці былі тры вялікія сінагогі і некалькі малітоўных школаў.

Будынак па Вялікай Траецкай, 57 — гэта будынак малітоўнай школы «Кляўз», месца, дзе навучалі і хлопчыкаў, і дзяўчынак яўэйскай мове і рэлігіі.

Вядома, што ў 1890-м г. гэты будынак ужо стаяў. Хутчэй за ўсё, яго пабудавалі прыкладна ў 1880-м г. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку месціўся кааператыўны тэхнікум, а пасля ягоны інтэрнат.