У нядзелю 26 лістапада футбольны “Нёман” правядзе апошні матч сёлетняга сезону, у якім будзе прымаць салігорскі “Шахцёр”. Гэты матч стане апошняй гульнёй для ветэрана гродзенскага футбола Дзмітрыя Кавалёнка, які выступае за “Нёман” з перапынкамі з 2001 года.

За тур да канца чэмпіянату ўсё яшчэ невядома, хто на якім месцы завершыць выступленне. Таму матч “Нёмана” і “Шахцёра” будзе цікавым, бо салігорская каманда змагаецца за 1-е месца, а гродзенская за 4-е. Перамога ў матчы пры лепшых раскладах дасць магчымасць камандам заняць добрае месца па выніках чэмпіянату.

Нядзельны матч для гродзенцаў яшчэ будзе цікавы тым, што гэта будзе апошняя гульня 40-гадовага Дзмітрыя Кавалёнка за “Нёман”. Усяго гродзенскi футбаліст згуляў у чэмпіянаце Беларусі 291 матч, а забіў 68 галоў.

Пасля заканчэння апошняга матчу ў сезоне гульцы і трэнерскі штаб “Нёмана” гатовыя будуць сустрэцца ў кафэ “Арэна” з заўзятарамі. Ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць пагутарыць і падзякаваць гульцам, а таксама трэнерам за сезон, узяць аўтографы, зрабіць фота з гульцамі, а таксама выйграць прызы ад клуба.

Пачатак матчу “Нёман” – “Шахцёр” на гродзенскім стадыёне ў 14.00