У нядзелю 26 лістапада футбольны «Нёман» правядзе апошні матч сёлетняга сезону, у якім будзе прымаць салігорскі «Шахцёр». Гэты матч стане апошняй гульнёй для ветэрана гродзенскага футбола Дзмітрыя Кавалёнка, які выступае за «Нёман» з перапынкамі з 2001 года.

За тур да канца чэмпіянату ўсё яшчэ невядома, хто на якім месцы завершыць выступленне. Таму матч «Нёмана» і «Шахцёра» будзе цікавым, бо салігорская каманда змагаецца за 1-е месца, а гродзенская за 4-е. Перамога ў матчы пры лепшых раскладах дасць магчымасць камандам заняць добрае месца па выніках чэмпіянату.

Нядзельны матч для гродзенцаў яшчэ будзе цікавы тым, што гэта будзе апошняя гульня 40-гадовага Дзмітрыя Кавалёнка за «Нёман». Усяго гродзенскi футбаліст згуляў у чэмпіянаце Беларусі 291 матч, а забіў 68 галоў.

Пасля заканчэння апошняга матчу ў сезоне гульцы і трэнерскі штаб «Нёмана» гатовыя будуць сустрэцца ў кафэ «Арэна» з заўзятарамі. Ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць пагутарыць і падзякаваць гульцам, а таксама трэнерам за сезон, узяць аўтографы, зрабіць фота з гульцамі, а таксама выйграць прызы ад клуба.

Пачатак матчу «Нёман» — «Шахцёр» на гродзенскім стадыёне ў 14.00