25 лістапада ў Гродне пройдзе восеньскі Вольны Кірмаш з лекцыямі і майстар-класамі. Усе ахотныя могуць прыносіць і аддаваць непатрэбныя рэчы і забіраць тое, што прыйшлося даспадобы з прынесенага іншымі.
Кірмаш заснаваны на супрацы і ўзаемадапамозе. На ім таксама можна будзе абмяняць свае рэчы альбо падарыць іх.
Акрамя гэтага арганізатары прапануюць паўдзельнічаць у майстар-класах, лекцыях, праглядах фільмаў. Для дзіцячай аўдыторыі таксама будуць арганізаваны майстар-класы.
У праграме:
- Карвінг— мастацкая рэзка па гародніне і садавіне, а таксама прыгожая сервіроўка страў (з сабой трэба мець агурок, памідор, яблык ці моркву). Праводзіць Ларыса Ганчар, студэнтка УЗВ, вядучая кулінарнага клуба «Разынкі».
- Завязваем шалікі прыгожа(мець хустку, шалік, паланцін). Праводзіць Тамара Герасіменка, выкладчыца курса «Натхненне майстрыхі».
- «Як пахі ўплываюць на наша жыццё» — майстар-клас па ароматэрапіі ад Ірыны Сідзюк, выкладчыцы клуба «Ароматэрапіі» ва УЗВ.
- Каляднае арыгамі (для дзяцей) — стварэнне калядных упрыгожванняў з паперы. Праводзіць Рыма Алізаровіч, студэнтка УЗВ.
А таксама сувеніры ад Грамадскага дабрачыннага аб’яднання «Гродзенскі дзіцячы хоспіс».
Рэчы, якія вы прыносіце на Вольны Кірмаш, павінны быць ў добрым стане — чыстыя і акуратныя. Усё, што застанецца пасля мерапрыемства, будзе аддадзена тым, хто мае ў гэтым вялікую патрэбу.
Гэта будзе пяты Вольны кірмаш, які праводзяць студэнты Універсітэта Залатога Веку.
Мерапрыемства адбудзецца 25 лістапада, у суботу, з 12:00 да 15:00 па адрасе вул. Будзённага, 48а-100.
Уваход і кірмаш — вольны!
Даведкі па тэл. 75−71−72