Збор подпісаў за ўшанаванне памятных месцаў, звязаных з Беларускай Народнай Рэспублікай, пачалі актывісты да 100-годдзя з дня абвяшчэння незалежнасці БНР. Памятныя шыльды і бел-чырвона-белыя сцягі прапануюць усталяваць на розных будынках, звязаных з дзейнасцю БНР, у Мінску, Магілёве і Гродне.

У Гродне аўтары зварота прапануюць адзначыць дом купца Мураўёва (пл. Савецкая, 2), у якім засядала Рада БНР пасля ад’езду з Мінска.

Падтрымаць зварот можна на petitions.by да 12 снежня. Пасля ён будзе дасланы ў Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры.

«Будынак на Савецкай плошчы — гэта не адзіны адрас беларускага руху ў Гародні. Да сёння захаваўся шэраг камяніц, дзе адбываліся паседжанні ўрада БНР, знаходзілася камендатура беларускага палка, працавала Беларуская вайсковая камісія. Але ж, з чагосці трэба пачынаць. Таму шыльда на гэтак званым доме Мураўевых, як падаецца, гэта быў бы добры пачатак доўгай і складанай дарогі ў пошуку сучаснага аблічча беларускай Гародні», — кажа гісторык Андрэй Чарнякевіч.