Сядзіба роднага брата Дзеда Мароза — Зімніка — адкрыецца ў Іўеўскім раёне з 16 снежня, піша БЕЛТА. Размесціцца яна ў казачным лесе непадалёк ад вёскі Залейкі, побач з трасай Мінск-Гродна.
«Зімнік і яго Баба Завіруха — ўжо своеасаблівы брэнд. А ў гэтым годзе ў юных гасцей з’явіцца магчымасць пабываць у доміку незвычайнага зімовага персанажа. Для гэтага ім трэба будзе прайсці нямала выпрабаванняў на казачнай сцежцы і акунуцца ў яркія прыгоды ў запаведным лесе», — сказала Наталля Мудрык, намеснік дырэктара Іўеўскага цэнтра культуры.
Казачны сезон у раёне плануюць зрабіць круглагадовым — сумесна з лясгасам ў ваколіцах сядзібы Зімніка ўладкоўваецца казачна-экалагічная сцежка. Паселіцца на ёй захавальнік лясоў Лясун, з’явіцца паляна 12 месяцаў, стэнды раскажуць пра птушак і жывёл, якія жывуць у лесе.