Культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка выданнем кнігі падвёў вынік 10 гадоў працы. Выданне «Неспакойныя камяні. 9 эсэ для новага разумення архітэктурнай спадчыны» пабачыла свет у кастрычнiку. У ім гродзенец распавядае пра ахову помнікаў, спадчыну, рэстаўратараў і многае іншае. Кніга накладам 100 асобнікаў выйшла ў гродзенскім выдавецтве ЮрСаПрынт.
У кнізе сабраны вынікі даследаванняў і дыскусій, у якіх удзельнічаў аўтар, велізарная калекцыя прыкладаў. Ёсць амаль 200 ілюстрацый: фота, схемы, дыяграмы.
Перад сабой аўтар ставіў мэту — паказаць і адрэфлексаваць феномен спадчыны і ўсе вытворныя ад яе.
«Спадчына — гэта не проста старыя камяні і фальклор. Спадчына — наогул не столькі пра мінулае, колькі пра сучасная зносіны і барацьбу людзей за будучыню», — да такой высновы прыйшоў Стурэйка і спадзяецца, што да яе ж прыйдуць чытачы.
«Спадчына мае яшчэ не да канца асэнсаваны патэнцыял сацыяльнага, эканамічнага і нават экалагічнага развіцця. Але каб гэта ўсё зразумець, трэба глядзець на яе пад зусім іншым вуглом, ладзіць новыя даследаванні. Дыскурс нянавісці - апошняе, што павінна суправаджаць абмеркаванне спадчыны», — кажа Стурэйка.
У Гродне купіць кнігу можна ў выдавецтве ЮрСаПрынт.
Пра аўтара
Сцяпан Стурэйка — культурны антраполаг. Доктар гуманiтарных навук у галіне этналогіі (Ягелонскі ўніверсітэт), выкладчык Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта, член Беларускага камітэта ІКАМОС. Займаецца даследаваннямі тэорыі і практыкі аховы, аднаўлення і актуалізацыі культурнай спадчыны. Аўтар больш за 40 навуковых і навукова-папулярных публікацый, некалькі даследчых праектаў, вынікі якіх атрымалі грамадскі рэзананс.