Дамова пра разбудову аэрадрома ў Крыўлянах пад Беластокам была падпісаная 17 лістапада. Як паведамляюць польскія медыі, будаўнічыя працы распачнуцца ўжо 4 снежня. Першыя самалёты могуць прызямліцца пад Беластокам ужо ў канцы наступнага года.

Кошт будаўніцтва складае крыху больш за міліён еўра.

На гэтыя грошы будуць збудаваныя дзьве пасадачныя паласы — для спартыўных і для пасажырскіх самалётаў.

Аэрапорт пад Беластокам будзе абслугоўваць невялікія самалёты (да 50 пасажыраў), якія змогуць рабіць рэйсы на адлегласць да 2 тыс. кіламетраў.

Адразу па з’яўленні інфармацыі пра разбудову аэрапорта ў Крыўлянах гарадзенцы ўжо паспелі назваць у сацыяльных сетках новы праект «Гродна-2».

Дагэтуль найбліжэйшымі да Гродна міжнароднымі аэрапортамі былі літоўскія Коўна і Вільня.

Гарадзенскі аэрапорт, які дзейнічае з 1984 г., мае ўзлётна-пасадачную паласу ў паўтары разы даўжэйшую за тую, якую збудуюць у Крыўлянах (2560 метраў супраць 1350 метраў).

Эксперты даўно казалі, што інвестыцыі ў разбудову гарадзенскага аэрапорта дазволілі б сур’ёзна паўплываць на развіццё эканомікі ў рэгіёне.

Старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімір Краўцоў казаў сёлета пра магчымае ўключэнне аэрапорта ў Абухаве ў бязвізавую зону і арганізацыю палётаў «лоўкостаў» з Гродна.

Пакуль, аднак, інвестараў не знайшлося.