Пад публікацыямі пра высяленне галерэі «Крыга» з’явіліся каментарыі: аўтары сцвярджалі, што гаспадару галерэі высылалі папярэджанне і існуе судовае рашэнне «як зрабіць усё належным чынам». Маўляў, ва ўсім вінаваты сам Юрый Мацко. За каментарамі мы звярнуліся да яго і ва УЖРЭП Ленінскага раёна.

Ліст не атрымліваў, штраф аплаціў

Юрый настойвае: ліст-папярэджанне можа існаваць, але ён яго не атрымліваў і не распісваўся за яго. Судовае рашэнне па справе перапланіроўкі сапраўды ёсць, але няма пастановы аб тым, каб аднавіць памяшканне.

[irp posts="40 134″ name="Мінус адна культурніцкая пляцоўка. Галерэю «Крыга» ў Гродне выселілі"]

Суд вынес рашэнне 26 верасня. Згодна з ім, Юрый Мацко парушыў пункт 16.10 правіл карыстання жылымі памяшканнямі і ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў. Суд пастанавіў на падставе ч. 1 арт. 21.16 КаАП спагнаць з яго тры базавыя — 69 рублёў.

— З гэтага рашэння не вынікала, што я павінен вярнуць усё на месца альбо вызваліць плошчу. Проста быў нададзены мне штраф, ён своечасова аплочаны, — кажа Юрый.

Змены можна ліквідаваць за дзень

Ён тлумачыць, што назваць перапланіроўкай змены ў памяшканні можна з нацяжкай, бо яны былі хутчэй касметычнымі. Акно закладзена гіпсакартонам, а ў нясучай перагародцы былі прабітыя дзверы, каб аб’яднаць два памяшканні. Пры жаданні змены можна ліквідаваць літаральна за дзень.

Юрый мае заключэнне экспертаў, што зробленая перапраніроўка не нясе зменаў у нясучых канструкцыях і мае толькі касметычнае значэнне.

З заключэння ТАА «ЗовСпецПраект» ад 1 верасня 2017 года:

«Высновы і рэкамендацыі. Аналізуючы стан аб’екта, варта адзначыць, што апорная здольнасць і ўстойлівасць асноўных канструктыўных элементаў будынка забяспечана. Аварыйнасць сітуацыі не назіраецца. Далейшая эксплуатацыя абследаваных памяшканняў не парушае правы і законныя інтарэсы грамадзян, якія пражываюць па суседстве».

Магчымасць аднавіць арэнду ёсць

Юрый кажа, што магчымасць аднавіць дамову арэнды ёсць. Пакуль ён чакае дакументы аб скасаванні дамовы, бо іх дагэтуль не ўручылі. Грошы за праплачаную наперад арэнду таксама не вярнулі.


Скантактавацца з дырэктарам УЖПЭР не ўдалося. Галоўны інжынер пасля пытання «Чаму прэтэнзіі да галерэі ўзніклі толькі праз 5−7 год пасля перапланіроўкі?» папрасіў час для кансультацыі з юрыстам. Пазней жа сказаў, што дырэктар загадаў не даваць інтэрв'ю.


Хто такі Юрый Мацко? Глядзі відэа праекта «Постаці»