Небяспечны інцыдэнт здарыўся ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у польскім горадзе Гдыня. Затрыманы 30-гадовы грамадзянін Беларусі, які працаваў у гэтай фірме, піша «С**бода».

Паводле адной з версій, ён хацеў адкрыць агонь у офісу, паводле іншай усё здарэнне было проста выпадковасцю.

У 19.00 (21.00 беларускага часу) узброены мужчына ўвайшоў на другі паверх будынку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі радыё RMF FM, беларус быў узброены пісталетам Glock і даўгаствольнай зброяй. Страляніна адбылася ў адной з залаў будынку. Мужчына спрабаваў пацэліць у свайго калегу. Людзі пачалі ўцякаць, адзін з прысутных накінуўся на ўзброенага мужчыну і затрымаў яго. Пацярпелых не было.

Як паведаміў з месца падзей рэпарцёр Радыё Гданьск, калі б не хуткая і адважная рэакцыя аднаго з прысутных, то маглі б быць ахвяры.

Не вітаўся з калегамі

Калі паліцыя прыбыла на месца, то арыштавала 30-гадовага беларуса, які працаваў у гэтай фірме.

Паводле ягоных калег, мужчына быў зачыненым чалавекам, на працы не вітаўся з іншымі, у яго не было сяброў і ён часта званіў да сваёй сям'і. У агенцтве ён займаўся ўвядзеннем у базу дадзеных рапартаў фірмаў.

Gazeta Wyborcza паведамляе, што беларус цікавіўся стральбою і браў удзел у конкурсах стралкоў.

Усё гэта проста выпадковасць?

Паводле крыніц, блізкіх да кампаніі Reuters, здарэнне было выпадковасцю. Як паведаміла крыніца Радыё С**бода, беларус вяртаўся з трэніроўкі і хацеў паказаць свой пісталет аднаму з калегаў. Калі зброю ўбачылі іншыя, то пачалася паніка. Падчас спробы вырваць у мужчыны пісталет, выпадкова адбыліся два стрэлы.


Затрыманым можа быць гродзенец Сцяпан Свідзерскі, выпускнік гродзенская ліцэя, які пазней вучыўся ў Польшчы па Праграме Каліноўскага. Ён працуе ў Thomson Reuters, цікавіцца зброяй. Сябры ў фэйсбуку пішуць, што ён мае дазвол на нашэнне зброі.