У Гродне працягваецца рамонт драўлянай сцяны Каложскай царквы. На мінулым тыдні завяршыўся адзін з самых складаных этапаў - драўляную сцяну прыпаднялі ўверх на 30 сантыметраў і на такую ж адлегласць ссунулі ўнутр храма, выраўнаваўшы каркас да праектных адзнак. У панядзелак, 13 лістапада, будаўнікі скончылі разбіраць вонкавую ашалёўку сцяны, піша «Гродзенская праўда».
— Усе ўнутраныя драўляныя канструкцыі апынуліся ў здавальняючым тэхнічным стане, — распавёў галоўны архітэктар ААТ «Гроднажылбуд» Анатоль Пархута.
Сёння па-над імі ўсталявалі супрацьветравую мембрану, на якую будзе набівацца драўлянае лачанне і ўжо пасля — новая абліцовачная дошка.
— Архітэктурнае рашэнне праекта прадугледжвае стварэнне пластыкі фасадаў, — працягвае Анатоль Пархута. — Важным элементам новай абліцоўкі стануць вертыкальныя пілястры, што паўтораць форму існуючых пілястраў з клінкернай цэглы на паўночным фасадзе. Акрамя таго, пасля рамонту сцяна стане значна святлейшай за папярэднюю. Гэта будзе колер Umbro — цёплы карычневы колер з невялікім зеленаватым адценнем.
Сёння дошкі будучага абліцоўвання рыхтуюць: канструкцыі фрэзеруюцца, праходзяць неабходную тэрмаапрацоўку. Прыступіць да вонкавай ашалёўкі драўлянай сцяны могуць ужо праз два тыдні. Пакуль жа тут ідуць працы па ўмацаванні існуючага падмурка. Зверху на яго ўсталёўваецца бетонная бэлька — ростверк, яшчэ адна бетонная канструкцыя з’явіцца па контуры існуючага падмурка збоку.