Пасля абеду 14 лістапада ў галерэю «Крыга» зайшлі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі і міліцыянты. Гарадскія ўлады разарвалі дамову арэнды з уласнікам галерэі Юрыем Мацко.
Падставай для разрывання дамовы стала перапланіроўка — замураванае акно і прабіты праход паміж пакоямі. Гэта рабілася для павялічэння выставачнай прасторы сем гадоў таму і дагэтуль нікому не перашкаджала, расказаў Юрый Мацко.
Юрый кажа, што не атрымліваў папярэджання за месяц, прадстаўнікі УЖРЭП казалі адваротнае.
Мацко лічыць, што спачатку яго павінны былі папрасіць выправіць недахопы, і ўжо тады перарываць дамову.
Юрый кажа, што да скасавання дамовы магла спрычыніцца дзейнасць Цэнтра гарадскога жыцця, або камусьці спатрэбілася добраўпарадкаваная прастора ў цэнтры горада. Службоўцы сказалі Юрыю, што прастору, дзе раней знаходзілася галерэя, выставяць на аукцыён. Што будзе ў памяшканнях былой галерэі, пакуль невядома.
Афіцыйныя каментарыі арэндадаўцы Hrodna.life пастараецца атрымаць як мага хутчэй.
Разарваўшы дамову, прадстаўнікі ўлады перарвалі выставу магілёўскага скульптара Андрэя Вераб’ёва «Колеры, формы і сны», якая мела працягвацца да 21 лістапада.
Юрый Мацко збіраецца абскардзіць разрыў дамовы. Ці адчыніцца «Крыга» ў іншай прасторы, пакуль невядома.
Што датычыць Цэнтра гараскога жыцця, які размяшчаецца пад тым жа адрасам, ён працягне сваю дзейнасць. Для выставаў і мерапрыемстваў цяпер будзе значна менш месца, але іх працягнуць рабіць. Запланаваныя мерапрыемствы адбудуцца. Бліжэйшае з іх — прагляд фільму «Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць».