Выстава «Літва. Нацыянальныя касцюмы. Гарадзішчы ў фатаграфіях» адкрылася 14 лістапада ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі пры падтрымцы Генеральнага консульства Літвы. У музеі выстаўлена больш за 20 фатаграфій старажытных гарадзішчаў і 10 нацыянальных касцюмаў Літвы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў.

2017 год у Літве абвешчаны годам гарадзішчаў. Літоўцы правялі ў інтэрнэце галасаванне за найпрыгажэйшае гарадзішча. У Гродне літоўскі бок прадставіў самыя лепшыя здымкі гарадзішчаў ад фатографа Альбертаса Швенчыёнiса.

Акрамя здымкаў гарадзішчаў, У музеі можна таксама пазнаёміцца i з мастацтвам традыцыйнага літоўскага касцюма.

«У нас у Літве шмат нацыянальных касцюмаў падобных да беларускіх, асабліва на паўднёвай тэрыторыі. Але ў Гродна мы прывезлі рэканструкцыю касцюмаў больш літоўскіх, каб беларусам было цікава пазнаёміцца з культурай суседзяў бліжэй.

Касцюмы гэта рэканструкцыя адзення XIX — пачатку XIX стагоддзяў. — распавядае распрацоўшчык нацыянальных літоўскіх касцюмаў Данута Катуракеня. — Гэтай тэмай я займаюся каля 20 гадоў. У нас у музеях Літвы не было цалкам складзеных нацыянальных касцюмаў, усё па дэталях. Я ж паспрабавала сабраць усё ў цэлае".

Выстава «Літва. Нацыянальныя касцюмы. Гарадзішчы ў фатаграфіях» у музеі гісторыі рэлігіі будзе доўжыцца да 15 снежня.