Працы на будове вядуцца штодня ў паскораным рэжыме. Галоўная задача рабочых — паспець здаць дом да канца года. У будынку будзе жыць вялікая гродзенская сям’я з прыёмнымі дзецьмі.
Гэта будзе ўжо другі дзіцячы дом сямейнага тыпу на Валковіча. Першы пабудавалi ў лістападзе 2015 года. Агулам гэта будзе трэці такі тыпавы дом у горадзе. Іх будуюць за кошт рэспубліканскага, абласнога і гарадскога бюджэтаў.
Будаўніцтва на Валковіча пачалося ў канцы жніўня 2017 года. Падчас пракладкі камунікацый у пачатку верасня будаўнікі выявілі ў двары будучага дома часткі нямецкай ваеннай тэхнікі часоў Другой сусветнай. Паводле ўспамінаў жыхароў вуліцы, часткі тэхнікі пасля вайны закапаў былы ўладальнік участка Свідэрскі. Там стаяў яго фамільны дом і кузня, якія для будаўніцтва новага аб’екта знеслі. Уладальнікам выплацілі кампенсацыю.