Каля 8.30 ў суботу 11 лістапада аўтамабіль Mercedes на вуліцы Гарнавых упаў з горкі на тратуар і затрымаўся паміж агароджай і падпорнай сценкай. На шчасце, не пацярпелі ані людзі ў аўто, ані мінакі.

Мяркуецца, што машына рухалася па вуліцы Новакастрычніцкай і вылецела на Гарнавых. Людзі, якія былі ў машыне кажуць, што іх было трое, хаця трэцяга на месцы не было. З двума п’янымі пасажырамі супрацоўнікам ДАІ ўдалося пагутарыць: яны сцвярджаюць, што не былі за рулём. Хто кіраваў машынай — гэта ДАІ трэба будзе яшчэ высветліць. Сур’ёзна пашкоджаную іншамарку ўжо забралі на штрафстаянку.

Відавочцы ў сацыяльных сетках паведамляюць, што два хлопцы, якія знаходзіліся ў аўтамабілі, перад здарэннем былі ў начным клубе «БАЗА», а пасля адпачынку, парушаючы правілы дарожнага руху, паехалі ў напрамку цэнтра.