10 лістапада ў Гродне лось, што прыблукаў у горад, трапіў у незвычайную пастку — праваліўся ў тэхнічны прыямак на тэрыторыі інстытута біяхіміі, размешчанага ў лесапаркавай зоне Пышкі.
«На месца выбылі спецыялісты інспекцыі, ветэрынары, прадстаўнікі МНС і прадпрыемства „Спецавтохозяйство“. Жывёлу ўсыпілі,
пасля чаго пры дапамозе крана вынялі з пасткі», — распавёў БЕЛТА начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў.
Аперацыя заняла некалькі гадзін. Жывёлу пад наглядам спецыялістаў даставілі ў лес. Яны дачакаюцца абуджэння і яшчэ раз пераканаюцца, што з ласём усё ў парадку.
Як адзначыў Вадзім Палякоў, сур’ёзных пашкоджанняў у жывёлы няма, толькі лёгкія ўдары. Ласю каля трох гадоў.