Гродзенец Анатоль Мышкевіч сабраў больш за 250 подпісаў за ўпарадкаванне пустыра ў дварах на Індурскай шашы і за ўстаноўку там дзіцячай і спартыўнай пляцовак. Ён занёс прапанову ў гарвыканкам 8 лістапада.
Частку закінутай тэрыторыі зараз займаюць аўто, бо каля дамоў на Індурскай шашы не хапае парковачных месцаў. Большасць жа тэрыторыі гэта проста трава, пасярэдзіне — разбітыя баскетбольныя кольцы. У дождж пустыр ператвараецца ў непраходнае поле.
Са словаў Анатоля, людзі ахвотна падпісваліся за добраўпарадкаванне і нармальныя пляцоўкі. У гарвыканкаме паабяцалі адказаць на зварот цягам двух тыдняў.
Адкуль там наогул пустыр?
Ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама распавялі, што калі планавалі будоўлю мікрараёна Вішнявец-1, вялікі ўчастак зямлі на Індурскай шашы адвялі для будаўніцтва дзіцячага сада. Прайшло шмат год і дадатковая дашкольная ўстанова не спатрэбілася, а вялікая тэрыторыя так і засталася пуставаць.