Бізнесмен Станіслаў Сямашка прыпыніў працы па рэканструкцыі камяніцы на Калючынскай, 23. Яшчэ ў кастрычніку ён падаў у выканкам дакументы аб змяненах у праектнай дакументацыі. У будучыні замест меркаванага пяцізоркавага гатэля тут можа з’явіцца адміністрацыйны будынак з Макдональдсам.
Нежылы будынак у цэнтры Гродна Станіслаў Сямашка набыў на аўкцыёне ў 2016 годзе. Згодна з умовамі таргоў набыты будынак трэба рэканструяваць пад грамадскі аб’ект.
Сямашка атрымаў дазвол на праектаванне гасцінічнага комплексу, зрабіў праектную дакументацыю, якую ўзгаднілі на мясцовым і рэспубліканскім узроўнях. У канцы лютага 2017 года пачаліся работы ў паскораным рэжыме: планавалася, што да канца года гасцiнiцу здадуць.
Але, як высветлілася, на аб’екце пачаліся адхіленні ад праекту. Усё, што было выканана з адступленнем, ужо дэмантавана. У канцы кастрычніка 2017 года бізнесмен звярнуўся ў гарвыканкам для карэкціроўкі праектнай дакументацыі.Работы былі часова спыненыя. Ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Hrodna.life распавялі, што рашэнне па аб’екце яшчэ не прынятае, прапанаваныя змены праекта разглядаюцца.
З самім Станіславам Сямашкам Hrodna.life звязацца не ўдалося. Будаўнікі на аб’екце распавялі, што паводле новага праекту будынак стане адміністрацыйным. Паводле планаў на першым паверсе павінен адкрыцца першы ў Гродне «Макдональдс». Другі паверх будзе аддадзены пад офісы, а толькі на трэцім з’явяцца гатэльныя нумары.
Гістарычная даведка
Дом па вуліцы Калючынскай 23 быў пабудаваны пасля пажару 1885 г. Ён быў адным з найбольшых будынкаў тагачаснага Гродна. У ім размяшчаліся розныя навучальныя яўрэйскiя ўстановы. Адсюль пайшлі і будучыя рабіны Тэль-Авіва і Ізраіля Амiель і Унтэрман. Гэты дом быў адным з галоўных будынкаў, што ўтваралі пачатак вуліцы Калючынскай, што цягнулася ад Савецкай плошчы. У савецкi час у доме размяшчаўся інтэрнат, а з часам будынак прызналі непрыдатным дле жыцця.