З 5 лістапада ўсіх гандляроў пераважна б/у таварамі, якіх у народзе называюць «металістамі», з адкрытай тэрыторыі каля Скідзельскага рынку перакінулі на прылаўкі з навесамі. Калі раней гандляры стаялі бясплатна, то цяпер за кожнае месца трэба плаціць па рублю.

«Металісты» — гэта людзі пенсійнага ўзросту, якія шмат гадоў ля рынку гандлююць рознымі рэчамі: ад радыёдэталяў да відэакасет з прайгравальнікамі. З 5 лістапада гандляваць на старым месцы ім забаранілі і параілі перайсці на пустуючыя прылаўкі ў сектар Д на рынку. Аплат за месцы для іх сімвалічная — 1 рубль.

«Нам і там было добра, а тут пакуль бардак. Трэба прызвычайвацца і плаціць за лавачку рубль. Вельмі шмат людзей перакінулі сюды, а пакупнікі яшчэ не ўсе ведаюць. Першы час будзе цяжка», — распавёў гандляр Уладзімір.

«Металісты» лічаць, што іх перакінулі на сектар Д, бо апошім часам ён і так пуставаў. За кошт новых арандатараў рынак зможа крыху зарабіць. Гандляваць на старым месцы каля лесвіцы і чыгункі пенсіянерам цяпер забаронена, за гэта пагражае штраф.

«На новым месцы ёсць плюсы — лаўка і дах над галавой, — кажа пенсіянер Аляксандр. — Нас ужо некалькі гадоў таму сюды спрабавалі перакінуць, але мы не прыжыліся. Забаранілі каля лесвіцы стаяць, бо там экалагічная зона. Парушэнне — штраф. Раней бясплатна стаялі, тут трэба плаціць. А бывае, што нават і рубля ў дзень не зарабляем».

На Скідзельскім рынку "металістаў" пасадзілі за прылаўкі