У месцах, дзе ў Гродне здымалі кінафільмы, пачалі ўсталёўваць адмысловыя інфармацыйныя стэнды. Першы з’явіўся на будынку «Беларусбанка» па вуліцы Ажэшкі. Тут здымалі сцэны з серыяла «Сляды апосталаў», піша «Гродзенская праўда».
На стэндзе — кароткая інфармацыя пра фільм, а таксама кадр з яго: кут будынка банка і вуліца Ажэшкі, па якой шпацыруюць жыхары Берліна перыяду Трэцяга рэйха, бо менавіта ў гэты горад «пераўвасобіўся» Гродна ў стужцы Сяргея Талыбава.
Як распавялі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама, у бліжэйшы час яшчэ адзін стэнд у выглядзе пюпітра з’явіцца на вуліцы Курчатава — ён раскажа пра фільм «Белыя Росы».
[irp posts="32 083″ name="Гродзенцы б’юць трывогу: канструкцыя старога калодзежа ў памяць аб Белых Росах" хутка паваліцца"]
У будучыні стэнды і пюпітры будуць дапоўнены скульптурнымі кампазіцыямі, каля іх з’явяцца тэматычныя зоны.
Усяго плануецца пазначыць каля 15 фільмаў, эпізоды якіх у розны час здымаліся ў Гродне. Сярод іх — «Кааператыў Палітбюро», «Мяне клічуць Арлекіна», «Без права на памылку», «Дняпроўскі рубеж», «Смерш», «Я родам з дзяцінства», «Рудабельская рэспубліка» і іншыя. Распрацоўкай макетаў для іх займаецца гродзенскі мастак Аляксандр Сільвановіч, а дырэктар кінатэатра «Чырвоная зорка» Жэні Баглык дапамагае ў выбары самых яркіх і вядомых кадраў з фільмаў.
[irp posts="35 127″ name="На Алеі кіно ў Гродне з’явіліся фільмы, якіх у горадзе не здымалі"]