Запланаваны канцэрт Віктара Каліны у Гродзенскім каледжы мастацтваў прайшоў 2 лістапада з поспехам, нягледзячы на тое, што за яго адмену выступала некаторая частка грамадскасці.
Усяго на канцэрт шансанье было прададзена каля 180 квіткоў і ўсе яны былі выкупленыя загадзя прадпрыемствамі горада. Са слоў касіраў у дзень канцэрта ніводнага білета прададзена не было, хоць і паступалі рэгулярныя званкі.
Музыкі падаліся ветлівымі і прыстойнымі
Дырэктар каледжа мастацтваў Вадзім Буткевіч распавёў Hrodna.life, што канцэрт прайшоў без правакацый і акцый пратэсту.
«Пісьмовая прапанова аб забароне канцэрта да нас у каледж паступіла толькі адна. Яе прынеслі да нас два чалавекі, распісаліся тры. Гэта адбылося практычна за суткі да канцэрту і ўжо тады было набыта каля 180 квіткоў. Я ўжо не мог пазбаўляць людзей магчымасці прыйсці на канцэрт. Калі б было прададзена 10 квіткоў, то я, магчыма, пайшоў бы па іншым шляху, а так амаль палова залы была выкуплена.
На сябе ўзялі квіткі некаторыя прадпрыемствы горада. У інтэрнэце шмат пісалі і нават я чытаў, што жанчына адна нам нешта спрабавала адправіць. Але яе ліст не дайшоў. Перад канцэртам я асабіста пагутарыў з выканаўцамі. Бо акрамя Віктара Каліны былі і іншыя музыкі: Аляксандр Курган і Аляксей Ром. Як па мне, дык апошнiя падаліся вельмі ветлівымі і прыстойнымі музыкамі".
У каледжы каля актавай залы працавала міліцыя ў цывільным, каб не адбылося ніякіх акцый пратэсту. Асноўны ўзрост наведвальнікаў канцэрта — 55 гадоў, але былі і некаторыя маладыя людзi. Каб цалкам запоўніць залу Каліна запрасіў бясплатна аб’яднанне інвалідаў і самотных маці.
«Бандэраўцы не змаглі сарваць канцэрт»
На наступны дзень пасля выступу ў Гродне шансанье зрабіў запіс на сваёй старонцы ў Вконтакте:
«Учора з поспехам прайшоў канцэрт у горадзе Гродна. Нічога не атрымалася ў гэтых звяркоў. Не ўдалося адмяніць і сарваць канцэрт. Мудрасць і стойкасць гарадскіх і абласных кіраўнікоў, а таксама прыстойнасць дырэктара ліцэя мастацтваў у зале якога і прайшоў канцэрт, нацыяналісты, радыкалы і бандэраўцы не змаглі сарваць».