Трэці гродзенскі хостэл адкрыецца на вуліцы Карла Маркса, 11 у камяніцы другой паловы XIX стагоддзя. «Сарматыя» — так ён называецца — зможа прыняць да 26 чалавек адначасова. Цана за месца складзе каля 10 еўра.
Уладальніца хостэла гродзенка Марыя Дзарахохава плануе адкрыць установу як толькі атрымае ўсе патрэбныя дакументы. Верагодна, гэта адбудзецца ў пачатку зімы.
Паперы патрабуюць часу
«З-за наяўнасці месца ў цэнтры Гродна ў нас з мужам і ўзнікла ідэя адкрыць хостэл. Прыйшлося доўга збіраць дакументы, — распавядае Марыя Дзарахохава. — Спачатку здавалася, што ўсё будзе нашмат хутчэй. Ідэя з’явілася ў сакавіку, мы думалі летам ужо адкрыемся. Дагэтуль чакаем дакументаў».
Пры гэтым Марыі спадабалася стаўленне старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя да развіцця малога бізнесу ў горадзе. «Ён адзначыў важнасць такіх устаноў у Гродне і даручыў падначаленым падтрымліваць у адкрыцці. Без яго было б яшчэ даўжэй і цяжэй», — кажа Марыя.
Падбаюць пра камфорт
У новым хостеле будзе некалькі пакояў з двухпавярховымі ложкамі, сталовая, прыбіральні, душавыя, а таксама стаянка на 7 месцаў, дзе змогуць паркавацца і аўтобусы.
«Да камфорту ў хостэле мы ставімся вельмі сур’ёзна, бо не раз самі начавалі ў такіх месцах у Еўропе. Ведаем пра зручнасць не па чутках. Мы ўжо купілі артапедычныя матрацы. Робім усё як для сябе».
У хостеле «Сарматыя» ў будучыні хочуць бачыць як адзіночных турыстаў, так і турыстычныя групы, а таксама спартсменаў. З апошнімі ўжо нават вяліся папярэднія размовы.
Чаму «Сарматыя»?
Марыя тлумачыць:
«Сарматыя — гэта забытая гісторыя нашых зямель. Мы ведаем пра свае землі вельмі мала, а вось пару стагоддзяў да нашай эры на тэрыторыі сучасных Заходняй Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і аж да Нямеччыны была дзяржава Сарматыя. Сарматы — гэта народ, які складаўся з качавых іранамоўных плямёнаў. Можна сказаць гэта нашы продкі».
Створаць новыя працоўныя месцы
Зараз ідзе падбор персаналу ў новы хостэл. Там плануюць стварыць 6 працоўных месцаў: 4 адміністратары і 2 пакаёўкі. Зацікаўленыя могуць прыйсці і паразмаўляць пра працу на Карла Маркса, 11 — там знаходзіцца хостэл.