У Музеі гісторыі рэлігіі з 26 кастрычніка паказваюць работы вядомага літоўскага святара-скульптара Антанаса Рымавічуса, які пры жыцці стварыў больш за 500 унікальных работ з дрэва на тэму хрысціянства. У Гродне выставілі больш за 50 экспанатаў майстра. Іх прывезлі з Шаўляйскага музею «Аўшрос».
Антанас Рымавічус (1865−1933) — адзіны вядомы літоўскі святар-скульптар. Ён ніколі прафесійна не вывучаў мастацтва, але навучаўся з народнага досведу, быў разьбяром-самавукам. Значны ўплыў на яго творчасць аказала скульптура барока, якая шырока прадстаўлена ў касцёлах Літвы і Беларусі. Па гэтых узорах ён самастойна вывучаў дрэва як матэрыял, практыкаваўся ў складанні кампазіцыі і мадэляванні фігуры.
На выставе ў Гродне прадстаўлена больш за 50 разьбяных вырабаў з дрэва: круглая драўляная скульптура і барэльефы. Гэта творы рэлігійнай тэматыкі: фігуры розных іконаграфічных тыпаў Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых і царкоўных дзеячоў, а таксама евангельскія сцэны «Тайная вячэра» і «Малітва на Аліўкавай гары».
Выстава ў Гродне будзе доўжыцца да 10 снежня.