Новы малюнак на падпорнай сцяне пад Новым замкам можа з’явіцца ў лістападзе, пра гэта Hrodna.life распавялі мастакі, якія і будуць яго маляваць. Выява практычна не будзе адрознівацца ад таго, што на сцяне было намалявана раней.

Упершыню хлопцы зрабілі малюнак на набярэжнай пад замкам у 2015 годзе. За два гады выява стала дастаткова вядомай, але з часам стала трэскацца, цэлыя кавалкі пачалі адвальвацца. Прычына — якасць аддзелачных работ на сцяне.

Так выява выглядала ў чэрвені 2017.

За некалькi месяцаў рабочыя залаталі шчыліны на сцяне, зацягнулі будаўнічай сеткай i нанова пафарбавалі. Цяпер справа за мастакамі. З фарбай для малюнка iм павінны дапамагчы гарадскія службы. Калі грошы на матэрыял выдадуць у бліжэйшыя дні, то мастакі прыступяць да працы яшчэ да канца кастрычніка.

Варта адзначыць, што падпорную сцяну ўзвялі ля падножжа Новага замка ў 1931 годзе.