Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў прыехалі 25 кастрычніка ў Гродна на арганізацыйны сход для рэгiстрацыi абласной арганізацыі «Гавары праўду». Тут яны абмеркавалi будучыя мясцовыя выбары і стварэнне ў рэгіёне пляцоўкі грамадскага i палітычнага дыялогу. Таксама прадстаўнікі «Гавары праўду» сустрэліся з кіраўніком горада Мечыславам Гоем, наведалі вайсковую частку на Фолюшы i розныя раёны горада, дзе актывісты кампаніі спрабуюць вырашаць лакальныя праблемы.
На Гродзеншчыне пакуль менш кандыдатаў
«Акрамя таго, што мы ў гэтым годзе атрымалі афіцыйную рэгістрацыю ["ГП» зарэгістравалі ў маі 2017, пасля шасці няўдалых спробаў - рэд.], мы сёння таксама маем магчымасць зарэгістраваць і абласную арганізацыю, — распавядае Таццяна Караткевіч. — Гэта ўсё вынік нашай працы. Але яшчэ больш хочацца, каб быў вынік і ў іншых месцах: атрыманне месцаў у мясцовым савеце і парламенце, а таксама перамога на прэзідэнцкіх выбарах. Для нас важна сёння быць арганізацыяй, якая мае ўплыў на рашэнне самых розных лакальных праблем".
Дзень раней, 24 кастрычніка, каманда «Гавары праўду» абвясціла старт сваёй выбарчай кампаніі і адкрыла спіс кандыдатаў, да якога могуць далучыцца ўсе, хто хоча дамагацца мірных перамен. Гродзенскае крыло «Гавары праўду» пакуль адстае ад іншых рэгіёнаў па вылучэнні кандыдатаў.
Сустрэліся з кіраўніцтвам горада
«Гавары праўду» хоча стаць арганізацыяй адкрытай для кожнага, для тых, хто хоча нешта рабіць і мяняць у Беларусі. Гродзенскiя актывiсты хочуць зрабіць Гродна горадам, у якi беларусы захочуць вяртацца, а не з’яжджаць.
«У палітыцы магчымасці адкрываюцца па міліметрах і ў гэтай справе важны кожны крок. Прайшоўшы нейкую адлегласць, паварочваешся і разумееш, што ты пайшоў далёка, — распавядае Андрэй Дзмітрыеў. — У Гродне мы сустракаліся з кіраўніцтвам горада, а таксама камандзірам часткі на Фолюшы. Раней з намі мала хто хацеў размаўляць, але сёння ўсё мяняецца.
Перамены прыходзяць вельмі цяжка ў любой краіне, за іх трэба змагацца. Сёння мы і ёсць тая арганізацыя, якая змагаецца за рэальныя змены. Не за выдуманую ідэю, а за рэальныя змены. Няхай яны здаюцца невялікімі, але вынік ёсць.
Сёння мы маем указ аб самазанятасці, які мы год прабівалі, i шмат iншага. Напрыклад, у рэгіёнах нашыя актывісты вырашаюць лакальныя праблемы, дапамагаюць людзям".
Ад дыялогу да выніку
25 кастрычніка ў «Гавары праўду» абвясцілі, што пачаты новы этап стратэгіі мірных пераменаў, мэта якога — перайсці ад дыялогу да выніку. Галоўным вынікам гэтага этапу павінна стаць з’яўленне альтэрнатывы на ўсіх узроўнях улады.