Смерць грамадзяніна Польшчы, знойдзенага 23 кастрычніка мёртвым у машыне на беларуска-польскай мяжы, наступіла з прычыны хранічнага захворвання сэрца, паведаміла ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» начальнік упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці Ларыса Бабёр. Навіну цытуе БелТА.
«Была праведзена судова-медыцынская экспертыза. Па выніках даследавання ўстаноўлена, што смерць наступіла з-за хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца, ад шырокага постінфарктнага кардыясклероза», — адзначыла Ларыса Бабёр.
Па факце выяўлення на пад’ездзе да пункта пропуску «Брузгі» ў салоне аўтамабіля «Фольксваген» памерлага грамадзяніна Польшчы 1973 году нараджэння Гродзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка. Прыкмет гвалтоўнай смерці не выяўлена.
Мужчына накіроўваўся дадому, падчас руху ў чарзе яго машына засталася на месцы. Толькі праз нейкі час да аўто падышлі відавочцы, якія і выявілі цела кіроўцы. Адзначаецца, што ў цяперашні час вырашаецца пытанне аб транспарціроўцы цела на радзіму. Паведамленне аб здарэнні накіравана ў консульскую ўстанову.