Выступоўцам на чарговай сустрэчы HrodnaMediaRoom стала журналістка Ніна Палуцкая. З 1993 па 1996 яна ўзначальвала радыё НБК - першы з недзяржаўных радыёканалаў Гродзеншчыны. Як лічыць адна з арганізатарак сустрэчы Вольга Корсун, сёння веды і досвед Ніны Палуцкай могуць быць ізноў актуальнымі і запатрабаванымі для новай хвалі людзей, што прышлі рабіць незалежную журналістыку, у тым ліку на радыё.

Вольны эфір праз дрот праваднога радыё. Гродзенцы з Нінай Палуцкай узгадалі пра першае незалежнае радыё рэгіёна
Вольга Корсун і Ніна Палуцкая

За Саветамі

На савецкім радыё не было вядоўцаў, толькі дыктары з прафесійна пастаўленымі галасамі. З аднаго боку — радыё было проста фонам жыцця і не прадугледжвала магчымасці выбару. Людзі прачыналіся разам з правадной радыёкропкай — хто пад гімн, хто пад «піянерскую зорку». З іншага боку — было шмат добрых якасных праграм, каторыя фарміравалі густ цэлага пакалення.

«Пасля пачутых радыёспектакляў творы на некаторых сцэнах выглядаюць недарэпетыраванай правінцыйнай самадзейнасцю».

Радыё як канкурэнт тэлевізару

Ідэю паспрабаваць працу на радыё Ніна называе «поўнай авантурай» для журналісткі, што сышта ў нікуды з тэлебачання. Аднак жа — авантура мела поспех. На радыё НБК прыйшлі вядоўцы, з’явіліся забаўляльныя фарматы, віншаванні і званкі ад слухачоў.

«Па сённяшніх мерках, трэба было б назваць праект камерцыйным, бо мы зараблялі ім сабе на жыццё. Але з іншага боку — ён часта быў сяброўскім і дабрачынным. Людзі згаджаліся прыйсці і выступіць у эфіры „за дзякуй“ ці дапамагчы проста па добрай памяці».

Вера, надзея і Канстытуцыя

«У мяне на рэдактарскім стале ляжала кніжка — Канстрытуцыя Рэспулікі Беларусь. Я казала ў эфіры:

«Рабяты, не трэба баяцца. Мы жывём у вольнай краіне. У нас ёсць канстытуцыя, дзе сказана, што кожны грамадзянін мае права на атрыманне поўнай і даставернай інфармацыі». Падавалася, што наяўнасць кніжкі на стале - гэта «мая індульгенцыя», — узгадвала Ніна Палуцкая.

«Мы былі поўныя надзеямі і гатовымі пераадольваць цяжкасці. Былі ўпэўнены, што дастаткова яшчэ аднаго намагання — і ўсё пойдзе. Аднак сітуацыя змянілася ў іншы бок».

Канец адлігі

Пачаткам канца для незалежнага радыё стаў эфір, дзе прагучалі вытрымкі з артыкула «Народнай волі» «У рэспубліцы запахла фашызмам». Пасля гэтага ў рэдакцыю завітаў прадстаўнік з высокіх кантралюючых органаў. «Было смешна, што пасведчанне, якое ён дастаў з кішэні, было на шнурку-гумцы. Калі ён працягваў дакмент, гумка расцягвалася». Астатняе было не смешна — незалежнаму радыё «перакрылі кісларод». Пададзеную ў суд заяву журналістаў адхілілі без тлумачэння прычынаў.

Вольны эфір праз дрот праваднога радыё. Гродзенцы з Нінай Палуцкай узгадалі пра першае незалежнае радыё рэгіёна
Пікет у падтрымку радыё НБК у Гродне. Вынікаў не было, але і арыштаў - таксама
Беларуская радыёжурналістыка сёння ізноў мае шансы на адраджэнне, мяркуе Ніна Палуцкая. Магчымасць слухаць падкасты ў інтэрнэце ці эфір падчас паездкі ў аўтамаблі ствараюць на тое добрыя магчымасці. Аўдыторыя для радыё ёсць і ёсць добрыя прыклады з недалёкага постсавецкага замежжа. Аднак пакуль знайсці для сябе адпаведны беларускі канал не атрымліваецца. Часцей Ніна Палуцкая слухае радыё з Расіі, Польшчы ці Літвы.


HrodnaMediaRoom - ініцыятыва, арганізаваная Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдакцыяй партала Hrodna.life і Цэнтрам гарадскога жыцця. Тут адбываюцца сустрэчы гродзенцаў з вядомымі журналістамі і медыяэкспертамі.

Гасцямі папярэдніх сустрэч у HrodnaMediaRoom былі медыяэксперт Аляксандр Фядута, рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнічка Прэс-клуба Беларусь Юлія Слуцкая.

[irp posts="34 631″ name="Яшчэ раз пра свабоду. Аляксандр Фядута сустрэўся з гродзенцамі на новай медыяпляцоўцы"]
[irp posts="35 747″ name=""Волі і шмаравідла". Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар «Нашай Нівы""]
[irp posts="36 557″ name=""Як правільна — ніхто не ведае». Як выжыць у свеце медыя, абмеркавалі ў Гродне з Юліяй Слуцкай"]
Наступная сустрэча на медыяпляцоўцы будзе прысвечана расследаванню гібелі Паўла Шарамета і пройдзе 21 кастрычніка.