У чарговым туры чэмпіянату Беларусі, які праходзіў 13 кастрычніка на гродзенскім стадыёне, “Нёман” нанёс паразу “Гарадзеі” з лікам 2:1. Перамога над супернікам дазволіла камандзе Ігара Кавалевіча падняцца на пяты радок у турнірнай табліцы.

“Нёман” з “Гарадзеяй” у пятніцу адзінай гульнёй пачыналі 25-ы тур i перамога камандам была неабходная, асабліва гродзенцам, якія вядуць барацьбу за чацвёртае месца. Гуляць у Гродне прыйшлося ў складаных умовах, якія стварыў дробны дождж.

Пасля роўнай гульні на працягу ўсёй першай паловы, Павел Савіцкі на 41-й хвіліне здолеў забіць важны гол і дазволіў “Нёману” адправіцца на перапынак з перавагай.

На старце другога тайма гродзенцам удалося забіць і другі мяч, аўтарам якога стаў Якімаў. Паўабаронцу пасля паса Савіцкага атрымалася эфектна прыбраць гульца гасцей і дакладна з лініі штрафной прабіць па варотах “Гарадзеі”.

Адчуўшы пах перамогі, гаспадары аселі ў сваёй штрафной і аддалі ініцыятыву суперніку, які кінуў усе сілы каб адыграцца.

На 65-й хвіліне гулец “Гарадзеі” Дубаiч пасля памылкі Журава зрабіў лік 2:1. Але нават пасля прапушчанага гола “Нёман” усё адно не мог выбрацца са сваёй паловы, бо госці працягвалі актыўна гуляць.

У самым канцы асноўнага часу Жураў выпраўляецца і ратуе “Нёман” ад чарговага прапушчанага мяча. Спачатку галкіпер справіўся з ударам галавой, а затым двойчы дабіванне літаральна з метра ў выкананні Дубаiча прыйшлiся прама ў брамніка.

Дададзеныя 5 хвілін “Нёман” выстаяў і зарабіў каштоўныя тры ачкі, якія ў будучыні могуць дапамагчы камандзе падняцца на чацвёртае месца.

“Нёман” – “Гарадзея” – 2:1

Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пракаментаваў перамогу над “Гарадзеяй”.

“У другім крузе мы сутыкнуліся з аб’ектыўнымі прычынамі, шмат траўмаваных. Траўмавана цэнтральная вось. Мы прайгравалі ў матчах, у якіх можа і не заслугоўвалі паражэння. Каманда будуецца, у нас былі праблемы ўнутранага характару. Але пакуль яшчэ я тут прымаю рашэнні. Два гульцы прыехалі са збору “маладзёжкі” з такім настроем, быццам прыехалі з Бразіліі, гулялі там за “Сан-Паўлу”. Я сёння ўнёс нейкія карэктывы, можа нехта гуляў не на профільных пазіцыях, але незаменных у нас няма. Сёння была важная ў першую чаргу перамога. Мне гульня спадабалася, нам супрацьстаяў кваліфікаваны супернік. Так, Жураў дапусціў памылку пры голе, але затым ён здзейсніў проста неверагодны сэйв у канцоўцы”.