Двойчы на тыдзень, ужо 10 гадоў запар, гродзенскія школьнікі заступаюць на Ганаровую варту Памяці ля помніка загінулым у Вялікай айчыннай вайне, што ў парку Жылібера. Дзеці прымаюць прысягу, носяць форму ды праходзяць падрыхтоўку.

У Беларусі ўпершыню Ганаровая варта памяці адбылася ў Брэсцкай крэпасці. Пасля ўсе рэгіёны перанялі гэты вопыт. Мэта — патрыятычнае выхаванне школьнікаў, у духу павагі да гісторыі сваёй краіны і горада.

«Мы не піянеры, а патрыятычнае аб’яднанне. Нас называюць Ганаровы каравул горада Гродна, які нясе варту памяці на пасту № 1, — расказвае намеснік дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі „Спектр“ Алена Дулеўская. — Нашы дзеці прымаюць прысягу, носяць форму, праходзяць спецыяльную падрыхтоўку — трэніровачныя зборы. Дзеці вывучаюць страявы і каравульны крок, а таксама рытуал заступлення на пост».

Школьнікаў вучаць курсанты ваеннай кафедры Гродзенскага ўніверсітэта. Падрыхтоўка доўжыцца 1,5 месяца, а наступны такі ж перыяд падлеткі двойчы на тыдзень па 7 хвілін стаяць у варце ля вечнага агню. Акрамя таго школьнікі вывучаюць ваенную гісторыю горада і краіны, наведваюць музеі і іншыя ўстановы.

«Пераважна на варце ў парку Жылібера старшакласнікі. У школах выбіраюць лепшых навучэнцаў, якія пасля праходзяць медкамісію.

У нас за 10 гадоў паступіла ў ваенныя ВНУ каля 17 чалавек, гэта менавіта тыя хлопцы і дзяўчаты, якія неслі службу на нашым пасту № 1. I гэта мы не ўлічылі яшчэ МНС і іншыя спецыяльныя прафесіі", — дадала Алена Дулеўская.

Нядаўна школьнікі ў Дзень горада неслі спецыяльную Ганаровую варту Памяці ля помніка загінулым воінам і партызанам у парку Жылібера. Са слоў кіраўнікоў праекта, да дзяцей на мерапрыемствах часта падыходзяць ветэраны: захапляюцца моладдзю і падказваюць, як правільна стаяць, як маршыраваць і г. д. За навучальны год Ганаровую варту Памяці нясуць 18 школ горада, а гэта больш за 300 чалавек.