Валанцёры Чырвонага крыжа арганізавалі для сталых гродзенцаў канцэрт, які завяршыўся вальсам. Акцыя, якая прайшла 2 кастрычніка на Савецкай плошчы, была прымеркавана да Дня сталых людзей, якi адзначалі ў Беларусі 1 кастрычніка.

Арганізатары хацелі нагадаць людзям, каб яны часцей узгадвалі сваіх сваякоў сталага веку, якім патрэбна падтрымка і ўвага.

«У нядзелю ў Беларусі адзначалі два свята: Дзень настаўніка і Дзень сталых людзей. Каб не змешваць іх, мы вырашылі падзяліць мерапрыемствы на два дні, — распавядае спецыяліст па працы з моладдзю Чырвонага крыжа Кацярына Сідаровіч. — Мы вырашылі павіншаваць усіх пенсіянераў нашага горада невялікім канцэртам, які завяршыўся восеньскім вальсам. Таксама нашы валанцёры прапаноўвалі гараджанам патэлефанаваць сваім сваякам сталага ўзросту і павіншаваць са святам».