Група гродзенецаў, якая займаецца захаваннем гістарычных помнікаў у медыйнай прасторы, у канцы верасня ў адным з падвалаў закінутых дамоў горада знайшла мацэву — надмагільны камень з надпісамі на іўрыце. Як туды трапіла рэч, якой месца на могілках, паспрабаваў разабрацца Hrodna.life.
За апошнія некалькі месяцаў у Гродне было знойдзена некалькі мацэваў. Пераважна іх знаходзілі ля Гараднічанкі. У сутарэннях такіх знаходак яшчэ не было. Праўда, у 2015 годзе на вуліцы Лермантава гродзенец знайшоў у сваім хляве два надмагільных каменні з надпісамі на нямецкай і рускай мовах. Па іх ніхто не прыехаў, таму ўладальнік дома… вывез іх на сметнік.
Шукалі інфармацыю для Вконтакте, знайшлі мацэву
Каб вялікі яўрэйскі надмагільны камень не прапаў, месца яго выяўлення не паведамляецца.
«Усю інфармацыю мы збіраем для нашай групы „Закінутыя дамы горада Гродна“. У апошнія дні верасня мы шпацыравалі ў пошуках цікавых аб’ектаў, — распавядае адміністратар групы Нiкiч Уранавы. - Мы зайшлі ў адзін закінуты дом у цэнтры горада, ход у які быў адкрыты. У падвале знайшлі камень з надпісамі на іўрыце. Раней такое ніколі не траплялася».
«Магчыма, у час вайны хтосьці са сваякоў перанёс гэты камень з могілак, якiя разбуралі на тэрыторыі былога гета. Перанёс, магчыма, каб у будучынi нанова паставіць. Альбо ўжо ў савецкі час хтосьці перанёс пліту з могілак, якiя разбуралі для будаўніцтва стадыёна», — дадаў хлопец.
Рабін прачытаў надпіс
Ёсць верагоднасць, што камень гэта толькі нарыхтоўка, якую так і не паставілі на могілках. Такога меркавання прытрымліваецца гродзенскі рабін Іцхак Кофман, якому ўдалося распазнаць частку слоў на камені.
«Калі перакладаць словы з іўрыту, то тыя, якія ўдалося апазнаць, азначаюць „дрэва плачу“, — распавядае рабін. — Так пішуць у яўрэяў на надмагільных плітах. Магчыма, гэта няскончаны камень, бо не відаць імя. Або гэты камень зрабілі з памылкай і ён не быў усталяваны на могілках».
Даведка
Яўрэяў у Гродне хавалi на Старых і на Новых могілках. Новыя яўрэйскія могілкі, якiм, нягледзячы на назву, было некалькі сотняў гадоў, знішчылі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Помнікі і надмагільныя пліты, па ўспамінах відавочцаў, пайшлі на ўмацаванне пастамента Леніну, а таксама «разнесліся» па гаспадарках шматлiкiх гродзенцаў. На месцы могiлак пазней быў пабудаваны стадыён «Чырвоны Сцяг». Часткова перапахавалі парэшткі толькі падчас рэканструкцыі стадыёна ў 2000-х гадах — ды і тады без скандалу не абышлося. Пасля рэканструкцыі гродзенскай яўрэйскай абшчыне ўдалося ўсталяваць памятную шыльду на агароджы спартыўнага комплексу.
[irp posts="8228″ name="Пачалі капаць — знайшлі косткі. Што рабіць з закінутай падземнай прыбіральняй на месцы яўрэйскіх могілак"]
На месцы іншых могілак, якiя знаходзілася ў цэнтры горада, зараз аўтастаянка i дзіцячы сад па вулiцы Вялiкай Траецкай. Перапахавання ў савецкі час ніхто не рабіў, бо нашчадкі тых, хто спачывае на могілках, былі знішчаны нацыстамі ў гады халакоста. Разбурэннне могiлак пачалi яшчэ немцы падчас Другой сусветнай вайны.
У пасляваенныя гады савецкая ўлада згрэбла старыя косці, аскепкі помнікаў і зямлю — усё гэта перавезлі на тэрыторыю Занёманскiх яўрэйскіх могілак. Старажытныя магілы ператварыліся ў гару зямлі і бітага камення. Хоць Занёманскiя могілкі і зачынілі ў 1968 годзе, на іх можна ўбачыць даволі новую магілу аднаго з вязняў Гродзенскага гета — Рыгора Хасiда. Дзякуючы ўспамінам гэтага чалавека ўдалося даведацца пра жахлівыя зверствы нацыстаў на тэрыторыі Гродна.