Ураджай не толькі садавіны і гародніны, але і новых бонсцікаў прынесла сёлетняя восень. Героі з новай калекцыі з’явіліся акурат да гадавіны існавання першых бонсцікаў. Святкаванне дня народзінаў прыхадняў з планеты Банітрон-24 прайшло 30 верасня адразу ў некалькіх абласных цэнтрах — у тым ліку і ў Гродне.
Гасцей свята чакалі роставыя лялькі-бонсцікі, мульцікі, песні і танцы. Можна было памаляваць, зрабіць бонсцік-сэлфі ці напісаць свае віншаванні для імяніннікаў-бонсцікаў.
Геліевыя шарыкі, аквагрым і добрае надвор’е спрыялі святу.
Удзельнікі імпрэзы пазнаёміліся з героямі новай калекцыі і даведаліся, чаму яны будуць вучыць дзяцей. Аказваецца, імёны новых бонсцікаў сугучныя з англійскімі назвамі садавіны і гародніны. Такім чынам восеньскія прыліпалы дапамогуць засвоіць новыя словы гуляючы.