Да сусветнага Дня турызму ў Гродне на вуліцы Ажэшкі ўсталявалі першы інфармацыйна-навігацыйны стэнд для турыстаў. Калі ён сябе апраўдае, то ў бліжэйшы час у цэнтры горада з’явіцца яшчэ некалькі такіх інфармацыйных стэндаў.

Стэнд павінен дапамагчы турыстам зарыентавацца ў гістарычнай частцы горада і хутчэй знайсці патрэбныя аб’екты.

«Мы ставім сабе мэту інфармавання турыстаў аб інфраструктуры, якая ёсць у гістарычнай частцы горада, — распавядае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь. — Стэнд вельмі просты і зручны. Чалавек убачыць карту з аб’ектамі ў зоне пяціхвіліннай даступнасці. Усе абазначэння расшыфроўваюцца. Стэнд на дзвюх мовах: рускай і англiйскай. Выбралі ўніверсальныя мовы, якiмі карыстаюцца турысты.

Гэта пілотны варыянт канструкцыі, мы гатовыя выслухаць любое меркаванне і пажаданне. У будучыні мы хочам усталяваць да 15 падобных стэндаў у гістарычнай частцы горада".

Магчыма, стэнды паставяць ужо да канца гэтага года.

Тых, хто хоча выказаць сваё меркаванне ці пажаданне з нагоды інфармацыйных стэндаў, Яўген Ародзь гатовы прыняць у гарвыканкаме ў прыёмны дзень — чацвер.