Следчае ўпраўленне Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Калінінградскай вобласці 27 верасня распачало крымінальную справу ў дачыненні да 30-гадовага жыхара Праўдзінскага раёна, якога падазраюць у забойстве гродзенскага музыканта Арцёма Самойлава. Падазраванага ўзялі пад варту.

Гродзенскі музыка Арцём Самойлаў, вядомы як Experimental Chemistry, быў збіты да смерці 24 верасня ў пасёлку Ермакова Калінінградскай вобласці, куды ён адправіўся на заробкі з сябрамі.

Як высветлена падчас папярэдняга следства, падазраваны ўвечары пазнаёміўся з трыма мужчынамі, з якімі стаў распіваць спіртныя напоі. У працэсе ўжывання спіртнога мужчына нажніцамі адрэзаў валасы аднаму са сваіх новых знаёмых. З-за гэтага паміж імі адбыўся канфлікт. У ходзе сваркі падазраваны нанёс пацярпеламу не менш за тры ўдары кулакамі ў вобласць галавы, прычыніўшы траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Ад атрыманых пашкоджанняў 31-гадовы пацярпелы памёр на месцы праз непрацяглы час.

Судзімы не раз, прызнаўся на допыце

Спалохаўшыся зробленага, падазраваны з месца злачынства ўцёк, аднак неўзабаве яго знайшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку.

Мужчыну затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства і дапыталі ў якасці падазронага. Ён прызнаўся ў злачынстве. Суд Праўдзінскага раёна задаволіў хадайніцтва следства аб абранні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Падазраваны раней неаднаразова судзімы, у апошні раз — за ўчыненне цяжкага злачынства. У бліжэйшы час следства мае намер прад’явіць мужчыну абвінавачванне. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Што здарылася ля клуба?

Сябру Арцёма Яўгену ўдалося звязацца з брыгадзірам, які распавёў больш падрабязна, што адбылося насамрэч у той трагічны вечар у пасёлку Ермакова.

«Толік, якога падазраюць у забойстве, прыйшоў у клуб адзін. Там нашы хлопцы гулялі ў тэніс, — распавядае Яўген. — Ён піў піва, падышоў да Арцёма ззаду і абрэзаў яму непрыкметна валасы. Хлопцы гэта ўбачылі і зрабілі заўвагу. Тады ж Арцём вырашыў выйсці і пагаварыць з гэтым Толікам, але гутаркі не атрымалася. Два-тры ўдары і Арцём ужо ляжаў. Хлопцы выбеглі на вуліцу і пачалі адцягваць Арцёма. Пакуль чакалі хуткую, Толік спрабаваў яшчэ ударыць Арцёма, але хлопцы яму гэта зрабіць не далі. Некаторы час Арцём яшчэ дыхаў, але медыкі яго выратаваць ужо не змаглі. Толік нават паспеў дачакацца медыкаў, а пасля ўцёк».

Цела яшчэ ў Расіі

Цела гродзенскага музыкі Арцёма Самойлава да гэтага часу знаходзіцца ў Калінінградскай вобласці. Верагодней за ўсё, яго прывязуць у Гродна толькі ў панядзелак 2 кастрычніка. Выдаткі на трансфер цела ўзяла на сябе мама, сябры зараз збіраюць грошы, каб дапамагчы маці арганізаваць пахаванне. Падтрымку ўжо аказалі некаторыя беларускія музыкі і сябры Арцёма.