Міжнародны дзень сталых людзей адзначаецца 1 кастрычніка з 1991 года. Па ўсім свеце ў гэты дзень адбываюцца розныя мерапрыемствы і імпрэзы, якія звяртаюць увагу на стан сталых людзей у грамадстве.
У Гродна ў гэты дзень адкрыецца выстава, арганізаваная ўдзельнікамі праграмы «Універсітэт Залатога Веку». Мэтай праграмы з’яўляецца павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную, сацыяльную актывізацыю і адстойванне іх інтэрэсаў.
На выставе будуць прадстаўлены два творчыя фотапраекты — «РэтраСукенка» і «Анатомія цела», у якіх бралі ўдзел студэнткі, выкладчыцы і валанцёркі праграмы УЗВ.
Гераіні першай выставы — маладыя гродзенкі, якія сфатаграфаваліся ў сукенках, якія прынеслі сталыя людзі (у тым ліку слухачкі УЗВ). Гераінямі «Анатоміі цела» сталі ўжо самі слухачкі «Універсітэту Залатога Веку».
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 1 кастрычніка 2017 у 12.00 у «Цэнтры гарадскога жыцця» (вул. Савецкая, 3). Уваход вольны. Наведаць выставу можна да 10 кастрычніка з 10.00 да 17.00.
Праграма «Універсітэт Залатога Веку» была заснавана ў Гродне ў красавіку 2010 г. Яе ініцыятарамі сталі сябры грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар». З 2015 г. праграма рэалізуецца сумесна з прыватнай установай «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый».