На тэрыторыі Старога замка другі тыдзень ідуць падрыхтоўчыя працы. Маштабная рэканструкцыя пачнецца ў бліжэйшы час. Работамі будуць займацца гродзенскія будаўнічыя арганізацыі “Гроднапрамбуд” і “Гроднажылбуд”. У аснове работ – праект Уладзіміра Бачкова, які прадугледжвае аднаўленне замку часоў Стэфана Баторыя.
Зараз на Замкавай гары ўстанаўліваюць агароджу, а каля ўваходу ў замак валяць дрэвы. Рэканструкцыя Старога замка будзе доўжыцца некалькі гадоў. На першы этап грошы ўжо выдзелены.
“Асноўныя работы не пачнуцца, пакуль не будуць выкананы падрыхтоўчыя работы, – расказвае майстар “Гроднажылбуда” Ігар Яшчук. – Зараз галоўная задача – адгарадзіць пляцоўку і паваліць дрэвы. Рыхтуемся ў бліжэйшы час да заезду тэхнікі. Будзе зроблены дадатковы мост.
Нашыя рабочыя ўсведамляюць адказнасць, якая перад імі стаіць. Усе працы будуць весціся пад наглядам навуковых работнікаў. У нас ёсць ужо невялікі досвед падобных работ са старымі аб’ектамі. Напрыклад, будынак на Кірава ў цэнтры Гродна, комплекс у Свяцку і іншыя аб’екты”.
У бліжэйшы час на тэрыторыі замка пачнуцца чарговыя археалагічныя раскопкі.






