У сераду 27 верасня ў 11.30 у Гродзенскай вобласці будзе праводзіцца планавая праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва, паведамілі ў абласным упраўленні МНС.

Гэта неабходна для таго, каб пераканацца ў тэхнічнай працаздольнасці сістэмы і якаснай працы ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый або стыхійных бедстваў. Падобныя мерапрыемствы праводзяцца двойчы ў год.

Гук, які выдаюць сірэны, распаўсюджваецца ў радыусе 300−400 метраў і з’яўляецца папераджальным сігналам грамадзянскай абароны аб небяспецы. Ён азначае «Увага ўсім!». Пачуўшы яго, трэба ўключыць радыёпрыёмнікі або тэлевізары і праслухаць паведамленне.

У бліжэйшую сераду пры ўключэнні сірэн жыхароў і гасцей рэгіёну МНС просіць не паддавацца паніцы і з разуменнем паставіцца да праверкі. Таксама абвесткі будуць праходзіць праз каналы эфірнага і кабельнага тэлебачання ды радыёвяшчання.

Выкарыстанне розных сродкаў давядзення інфармацыі дазваляе значна павысіць эфектыўнасць абвесткі ў выпадку надзвычайных сітуацый і, адпаведна, мінімізаваць непажаданыя наступствы.