Святкаванне Дня горада 23 верасня пачалося на плошчы Леніна. Там кiраўнiцтва вобласці і горада выступіла з віншавальнай прамовай да гродзенцаў, а таксама ўзнагародзіла лепшых работнікаў горада.

Сярод лепшых работнікаў – прадстаўнікі самых звычайных прафесій, ад будаўнікоў да паштальёнаў. Яны атрымалі ганаровыя граматы. Таксама ў пачатку святкавання павіншавалі гродзенцаў, чыімі імёнамі папоўнілася Кніга славы горада. Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой выдаў пасведчанні тром жыхарам: ганароваму настаўніку Беларусі, ветэрану ВАВ Антаніне Забнiнскай, кіраўніку прадпрыемства “Конте СПА” Валянціну Байко і кіраўніку прадпрыемства “Молочный мир” Марыне Анікеевай.

Чытайце яшчэ:  Новая магістраль, АЗС, амбулаторыя і жылы дом. Напярэдадні дня горада ў Гродне адкрылі новыя аб'екты

З віншаваннямі выступіў і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, які адзначыў каштоўнасць горада і яго захавання для нашчадкаў.

"Захоўваць непаўторнае аблічча горада". Гродна адзначае 889-годдзе
Cтаршыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў выступае перад гродзенцамi

“Наш горад мае вялікую шматвяковую гісторыю і за свае 889 гадоў ён выпрабаваў многае, – адзначае Уладзімір Краўцоў. – Тут былі гістарычныя падзеі, якія дапамагалі развівацца і квітнець гэтаму гораду. Але разам з тым былі і цяжкія часы, калі нападалі на нас ворагі і разбуралі горад. Але нашых продкаў заўсёды адрознівала працавітасць і вера, дзякуючы гэтаму горад аднаўляўся пасля разбурэнняў.

Сёння мы павінны быць удзячнымі лёсу, што да нашых часоў захаваліся ўнікальныя будынкі, якія нагадваюць нам аб гісторыі. I мы павінны прымаць усе меры, каб захаваць нашу прыгожую спадчыну і перадаць нашым нашчадкам. Мы павінны захоўваць непаўторнае аблічча нашага горада, які адрознівае яго ад усіх іншых гарадоў нашай краіны“.

Свята адбываецца на некалькіх пляцоўках горада: у парку Жылібера, на плошчы Тызенгаўза, на плошчы Ленiна – там праходзіць выстава тэхнікі “Амкадор”, а на плошчы Савецкай размясціўся кірмаш сыру. Гулянні ў цэнтры горада працягнуцца да ночы. Завершыцца святкаванне Дня горада салютам.