Кіраўніцтва горада на чале са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем 21 верасня распачало так званы марафон адкрыццяў розных аб’ектаў у Гродне, прымеркаваны да 889-годдзя горада. Адкрылі шасціпалосную магістраль, якая злучыла з горадам мікрараён Альшанка. Там жа адкрылі новую запраўку і амбулаторыю для дарослых. А ў мікрараёне «Калбасіно» ўрачыста адкрылі шматпавярховы дом, які быў пабудаваны без прыцягнення льготных крэдытаў.
Шасціпалосная магістраль будзе насіць імя Героя Савецкага Саюза Івана Лебедзева. На яе будаўніцтва сышло каля чатырох гадоў і 21 млн рублёў. Грошы вылучыў абласны і рэспубліканскі бюджэты.
Каля магістралі пабудавалі сучасную аўтазаправачную станцыю — першую ў маладым мікрараёне.
«Да святкавання 889-годдзя Гродна ў нас прымеркавана адкрыццё шматлікіх аб’ектаў. Можна сказаць, у нас пачаўся такі марафон, — распавядае старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. — Усё гэта робіцца для людзей. Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы павіншаваць, а таксама падзякаваць гараджанам за тое, што здолелі здаць важныя аб’екты напярэдадні Дня горада. У далейшых планах пусціць па новай дарозе бескантактавыя тралейбусы».
Насельніцтва Альшанкі зараз складае каля 27 тысяч чалавек. Кіраўніцтва горада паабяцала пабудаваць цэлую паліклініку, калі колькасць жыхароў раёна перавысіць 40 тысяч.