Гродзенскія яўрэі ўвечары 21 верасня сабраліся ў сінагозе і пачалі адзначаць адно з найважнейшых святаў года — Рош Ха-Шана — яўрэйскі Новы год. Для яўрэяў усяго света, гэта важнае свята, з iм звязана многа сімвалічных абрадаў. Традыцыйна ў гродзенскай абшчыне ў дзень святкавання Новага года, акрамя святочнага застолля, рабін Іцхак Кофман трубіць у шофар, а пазней з людзьмі моліцца каля ракі.

Рош Ха-Шана — адно з самых яркіх і маляўнічых яўрэйскіх святаў. Назва перакладаецца з іўрыту як «галава года». Яно сімвалізуе «шосты дзень тварэння», калі Бог стварыў першага чалавека — Адама. У 2017-м Грыгарыянскім годзе яго святкуюць з 20 па 22 верасня.

На святкаванні Новага года ў сінагозе сабралася каля 40 чалавек. Пасля малітвы, трублення ў шафор і застолля рабін Іцхак Кофман павёў людзей да Замкавай гары, дзе бачны Нёман. Там прайшла малітва, якая мае на мэце ачышчэнне душы ад грахоў.