Даўно закінуты будынак па Віленскай, 14 мае стаць адміністрацыйна-гандлёвым аб’ектам — тут будуць прадаваць ламінат і іншыя вырабы прадпрыемства «Кронаспан». Забудова квартала, дзе месіцца дом, мае першую катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гродзенскія актывісты выказалі свае заўвагі наконт праекта.
Заяўку на правядзенне грамадскага абмеркавання Справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АЎНА) падаў экалагічны актывіст Яўген Філімонаў. Слуханні адбыліся 20 верасня, разам з Яўгенам на іх прыйшлі Томаш Сахарчук і Канстанцін Макарыч.
[irp posts="34 373″ name="Гістарычны будынак па Віленскай, 14 рыхтуецца да рэканструкцыі. Прызначана грамадскае абмеркаванне"]
Актывісты прапанавалі:
— усталяваць дарожныя знакі для забароны ўезду грузавога транспарту на прылягаючыю тэрыторыю;
— у планіроўцы стаянкі ўлічыць перакрыццё заезду на зялёную зону;
— прадухіліць пашкоджанне травы і нанясенне шкоды зялёным насаджэнням падчас будаўнічых прац;
— усталяваць відэаназіранне для прафілактыкі парушэнняў правіл паркоўкі;
— абсталяваць на першым паверсе туалет для наведвальнікаў (у тым ліку дзеля падтрымання турыстычна-пазітыўнага іміджу горада і аб’екта)
— зрабіць кампенсацыйныя пасадкі замест двух дрэваў, што плануеццца высекчы;
— разгледзець пытанні бяспекі гараджан з нагоды нязручнага заезду на вуліцу Рабочую.
Пасля слуханняў удзельнікі дыскусіі наведалі будаўнічую пляцоўку на Віленскай, 14, каб разам з прадстаўнікамі прадпрыемства-замоўцы на месцы разгледзець магчымасць рэалізацыі прапановаў.
У выніку — усе заўвагі экаактывістаў прыняты да ведама і будуць унесены ў праект рэканструкцыі.