“Гатовыя з’язджаць, калі прапануюць раўнацэнныя ўмовы”: Жыхары Новага свету аб зносе сваіх дамоў

Hrodna.life працягвае распавядаць гісторыі жыхароў Новага свету, чые дамы ў хуткім часе пойдуць пад знос. Гэтым разам мы пагутарылі з жыхарамі будынкаў на вуліцы Горкага і 17 верасня. Там жывуць даволі маладыя сем’і, якія гатовыя пераехаць на іншае месца жыхарства, калі ім прапануюць раўнацэнныя ўмовы.

Плануецца, што ў будучыні на адрэзку вуліц Горкага, Ватуціна і 17 верасня з’явіцца медыцынска-гасцінічны комплекс. Уладальнікам трох дамоў абяцаюць даць новыя кватэры. Усе жыхары гэтых дамоў, акрамя пенсіянеркі Ніны Іосіфаўны з Ватуціна, ужо былі ў гарвыканкаме і пачынаюць абмяркоўваць магчымыя ўмовы кампенсацыі пры зносе.

Гатовыя нават на Альшанку пераехаць

Сяргей, які са сваёй сям’ёй пражывае па адрасе 17 верасня, 2В, гатовы памяняць жыллё і пераехаць. Паведамленне аб зносе дома яго сям’е прыйшло ў жніўні 2017 года. Да гэтых навінаў яны паставіліся нармальна, бо апошнія гады былі на грані зносу.

“Гэты дом цудам не знеслі ў 2006 годзе. Мы тады не трапілі пад тэхніку, але з таго часу былі гатовыя да пераезду. Будавацца на тэрыторыі нам усе гэтыя гады нельга было, значыць трэба было атрымліваць нармальнае жыллё і пераязджаць, – кажа жыхар дома Сяргей. – Цяпер нам далі месячны тэрмін на абдумванне з нагоды кампенсацыі. З сям’ёй мы ўжо прынялі рашэнне і хочам добрае жыллё, гатовыя нават на Альшанку пераехаць. Нас тут па вялікім рахунку нічога ўжо не трымае.

Так, мы ведаем што стары раён, але яго пытанне ўздымалі гісторыкі пры зносе у пачатку 2000-х гадоў. У нас шыльда на доме не вісіць і гэта звычайная драўляная пабудова. Калі б мне дазволілі з хаты зрабіць катэдж, тады б я магчыма абураўся. А так дазволу няма, то і сэнсу жыць тут таксама няма. З выгляду дом вялікі, але ўнутры толькі тры  пакоі, што раўнацэнна трохпакаёвай кватэры. Менавіта такія  ўмовы мы і будзем патрабаваць”.

"Гатовыя з'язджаць, калі прапануюць раўнацэнныя ўмовы": Жыхары Новага свету аб зносе сваіх дамоў
Дом Сяргея і яго сям’і па адрасе 17 верасня, 2в

Дом па адрасу 17 верасня, 2В быў пабудаваны ў 1930-я гады. Цешча Сяргея атрымала гэтую старую пабудову, як службовае жыллё 30 гадоў таму. Але хто будаваў гэты дом і жыў у iм доўгія гады, даведацца не ўдалося.

Шыла на мыла мяняць не хочуць

У вялікім сучасным доме, па адрасе Горкага, 33 жыве шматдзетная сям’я. Жыхарка Алена распавядае, што пабудову ўдалося захаваць пры зносе дамоў вуліцы ў 2006 годзе.  Сям’я будзе патрабаваць ад уладаў раўнацэнную сучасную пабудову і ўчастак у цэнтры Гродна.

“Як бачна, ў нас добры дом. I калі яго будуць зносіць, то мы будзем абавязкова патрабаваць раўнацэнны ўчастак і дом, – кажа жыхарка дома Алена. – У нас шматдзетная сям’я, усе вучацца ў цэнтры – алімпіяднікі. Мы куплялі ўчастак па рынкаваму кошце ў 2003 годзе. Тая цана была у памерах трохпакаёвай кватэры ў Гродне. У 2006 годзе нас не знеслі, толькi таму, што на той момант горад не пацягнуў нашы ўмовы кампенсацыі.  Параілі чакаць інвестара, які як раз і прыйшоў у 2017 годзе. Мы пражылі ў сваім доме на Горкага ўжо шмат гадоў і шыла на мыла мяняць не хочам. Бо самi жылi раней у кватэры. Зараз мы напісалі заяву ў гарвыканкам, што нам трэба сустрэцца і абмяркаваць умовы кампенсацыі пры зносе дома. У любым выпадку патрэбны дыялог”.

"Гатовыя з'язджаць, калі прапануюць раўнацэнныя ўмовы": Жыхары Новага свету аб зносе сваіх дамоў
Дом Алены і яе сям’і па адрасе Горкага, 33

На месцы дома па адрасе Горкага, 33 стаяла пабудова 1911 года. У 2003 годзе жыхары з радасцю прадалі ўчастак са старым драўляным домам і пераехалі ў  лепшыя ўмовы – трохпакаёвую кватэру.

Ніна Іосіфаўна будзе адстойваць дом

Трэці дом Новага света, які ідзе пад знос, знаходзіцца на вуліцы Ватуціна, 6. У ім жыве адзінокая пенсіянерка Ніна Іосіфаўна пра якую мы зусім нядаўна пісалі. Сталая жанчына з’язджаць са свайго дома не збіраецца і будзе яго адстойваць.

"Гатовыя з'язджаць, калі прапануюць раўнацэнныя ўмовы": Жыхары Новага свету аб зносе сваіх дамоў
Дом Ніны Іосіфаўны па адрасу Ватуціна, 6

Заключэннем дамовы з інвестарам ЗАТ «Лада Хотелс» аб будаўніцтве на адрэзку вуліц Горкага, Ватуціна і 17 верасня, займаўся Гродзенскі аблвыканкам. Ёсць верагоднасць таго, што знос дамоў і будаўніцтва вялікага аб’екта пачнецца ўжо ў канцы 2017 года.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: