Нечакана каманда Ігара Кавалевіча губляе ачкі ў чарговым туры чэмпіянату Беларусі, які праходзіў у Наваполацку 17 верасня. Футбалісты «Нёмана» недаацанілі мясцовы «Нафтан» і саступілі гаспадарам поля з лікам 3:2.
Гродзенцы першымі адкрылі лік у матчы. З-за межаў штрафной на 27-й хвіліне дакладным ударам адзначыўся Уладзіслаў Клімовіч. Але гаспадары здолелі адыграцца яшчэ да перапынку. Абуна на 39-й хвіліне ў сваёй штрафной памыліўся і ўдарыў суперніка, суддзя ўгледзеў у гэтым парушэнне і паставіў на кропку. На 40-й хвіліне Волкаў рэалізаваў адзінаццаціметровы ўдар.
Пасля перапынку каманды выйшлі і адразу кінуліся ў бой, што і прынесла вынік. «Нафтан» на 51-й хвіліне забіў мяч і выйшаў наперад. Пасля памылкі гродзенскага абаронцы Верхаўцова, афрыканскі легіянер «Нафтана» Адэiобо скарыстаўся сваім шанцам.
А праз дзве хвіліны пасля таго, як гаспадары выйшлі наперад, гродзенская дружына ўжо параўняла лiк. Прыгожым ударам са штрафнога адзначыўся Андрэй Якімаў.
Пасля хуткіх забітых галоў у пачатку другога тайма, супернікі працягнулі гуляць у актыўны футбол. Але ўвесь астатні час поспех апынаўся на баку гаспадароў. Вядомы гродзенскі футбаліст Аляксей Сучкоў, які выступае за «Нафтан» здолеў на 60-й хвіліне зрабіць лiк 3:2 на карысць сваёй каманды і паставіць кропку ў матчы. Колькі б пасля ўзяцця сваiх варот гродзенцы не стараліся, гаспадары ўмела абаранялiся і здолелi утрымать лiк.
«Нафтан» — «Нёман» — 3:2
Пасля паразы ў Наваполацку «Нёман» не сумеў захаваць за сабой чацвёрты радок у турнірнай табліцы і прапусцiў наперад «Слуцк», якi мае зараз 37 ачкоў. У гродзенцаў на 1 бал менш. Для «паўночнікаў» перамога над «Нёманам» стала трэцяй у сезоне. Яны маюць зараз 8 набраных ачкоў і па-ранейшаму займаюць апошняе месца ў турнірнай табліцы.
Свой наступны матч гродзенцы правядуць ужо дома, 24 верасня. Яны будуць прымаць жодзінскае «Торпедо- БелАЗ».