Навіна аб магчымасці бясплатна аформіць гадавую шэнгенскую візу пры пакупцы квітка на канцэрт «Партызан-Рок» у Беластоку выклікала ажыятаж сярод беларусаў. Усе квіткі, якія былі ў продажы, раскупілі імгненна, піша афіша «Тут.бай».

Марына Калеснікава, арганізатар канцэрта з беларускага боку, распавядае, што ёй абрываюць тэлефон з пытаннямі «Ці дадуць мне „шэнген“ на год, калі ў пашпарце няма ніводнай візы?» І «Ці можна не ехаць на канцэрт, калі візу усе- ткі дадуць?».

— Гадавыя візы дадуць, але не ўсім. Гэтае пытанне застаецца на меркаванне консульства. Ні адно консульства не будзе ставіць у пусты пашпарт гадавую візу. Такія выпадкі бываюць толькі ў парадку выключэння — каментуе арганізатар.

Многія сталі тэлефанаваць і прыходзіць з квіткамі наўпрост ў консульства. Гэта ў тым ліку наводзіць дыпламатычныя структуры на думкі, што людзі не збіраюся наведваць канцэрт, а ідуць толькі па візу, кажа Марына.
— Усім, хто купіў квіткі, будуць візы. Але консульства будзе глядзець на візавую гісторыю больш уважліва, і некаму дасць разовую (як правіла, сямідзённую) візу. Ніхто ж не казаў пра тое, што гадавая віза пры пакупцы квітка на канцэрт гарантаваная.
Ідэя зрабіць гадавыя візы, распавядае Марына, з’явіліся з-за таго, што ў Польшчы праходзіць шмат арганізаваных імі канцэртаў.
— Калі ў год мы праводзім тры канцэрты, то чалавеку трэба тры разы падавацца на аднаразовую візу. Таму і ўзнікла думка даць такім наведвальнікам магчымасць атрымаць візу на год.
Беларускі бок ужо прадаў каля 600 квіткоў. Усяго іх абяцалі выдзеліць да тысячы.

Беларусы масава скупілі квіткі на канцэрт, спадзеючыся на гадавы "шэнген". Але яго "дадуць не ўсім"